Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бессаро́мнік, ‑а, м.

Разм. Той, хто не падпарадкоўваецца правілам прыстойнасці; нясціплы, бессаромны чалавек.

бессаро́мніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да бессаромнік.

бессаро́мны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае сораму; нахабны. Алена ўжо была б рада, каб гэтая.. баба адкаснулася ад яе, але хіба так лёгка збавіцца ад такой бессаромнай нахабніцы. Чарнышэвіч. // Непрыстойны, пазбаўлены пачуцця сораму. Лёдзя адразу ўвайшла ў атмасферу чыста жаночых клопатаў, трывог, шчырых, бессаромных размоў. Карпаў. // Які выяўляе бессаромнасць, нахабнасць. Бессаромны позірк.

бессвядо́масць, ‑і, ж.

Уласцівасць бессвядомага; несвядомасць.

бессвядо́мы, ‑ая, ‑ае.

Які робіцца несвядома, без усведамлення сутнасці таго, што робіцца, не кантралюецца свядомасцю. Бессвядомы жэст. Пачуцці бессвядомага страху.

бессістэ́мнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бессістэмнага.

бессістэ́мны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае пэўнай сістэмы, плана; бязладны. Бессістэмная вучоба. Бессістэмнае чытанне.

бессмяро́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бессмяротнага.

бессмяро́тны, ‑ая, ‑ае.

Выс.

1. Які ніколі не памірае, вечна жыве. Народ бессмяротны.

2. Які вечна жыве ў памяці народа, заўсёды захоўвае сваё значэнне. Імёны герояў бессмяротныя. Бессмяротная слава. Бессмяротныя подзвігі. Бессмяротнае вучэнне Леніна. Бессмяротныя творы класікаў марксізма-ленінізма. □ І заўсёды між нас — Бессмяротны Ільіч. Звонак.

бесстано́чны, ‑ая, ‑ае.

У выразе: бесстаночнае ўтрыманне жывёлы гл. утрыманне.