Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разасяро́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разасяродзіць.

разасяро́дзіцца, ‑дзіцца; ‑дзімся, ‑дзіцеся, ‑дзяцца; зак.

Раздзяліўшыся на драбнейшыя групы, размясціцца асобна адзін ад аднаго, у некалькіх месцах. З .. асінніку выбегла некалькі чалавек партызан. .. За імі, разасяродзіўшыся, бегла чалавек трыццаць. Лынькоў.

разасяро́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

Раздзяліўшы на драбнейшыя групы, размясціць кожную з іх асобна, у некалькіх месцах. Хутка разасяродзілі машыны і без прыпынку ішлі далей. Мележ.

разатка́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разаткаць.

разатка́ць, ‑тку, ‑тчэш, ‑тчэ; ‑тчом, ‑тчаце; зак., што.

Упрыгожыць тканнем. Або пазалотай, або сінім шоўкам Разатку ўзорна паясок яму. Танк.

разахво́ціцца, ‑ахвочуся, ‑ахвоцішся, ‑ахвоціцца; зак.

Разм.

1. Пачаць адчуваць мацнейшую ахвоту, жаданне рабіць што‑н. [Хлопцы] паставілі кошыкі, а самі збіралі ягады і поўнымі жменямі кідалі ў рот.. І так разахвоціліся, што і на час забыліся. Паўлаў. / у вобразным ужыв. Хутка зноў захмарыла, дождж разахвоціўся і дробна ды густа ліў да самага вечара і ўсю наступную ноч. Кірэенка.

2. Страціць ахвоту, жаданне рабіць што‑н. Распутаў [каня Алесь], .. хацеў ўскочыць... Але нешта разахвоціўся — павёў, трымаючы за аброць. Хадановіч.

разахво́ціць, ‑ахвочу, ‑ахвоціш, ‑ахвоціць; зак., каго-што.

Разм.

1. Разбудзіць у кім‑н. мацнейшую ахвоту рабіць што‑н. Прысеў цвыркун на прыпечку, Зайграў цвыркун у скрыпачку. Смыкам водзіць ён з-за вуха, Разахвоціў нават муху. Не сцярпела муха тая І ўжо ножкай выбівае. Хведаровіч.

2. Прымусіць страціць ахвоту, жаданне рабіць што‑н. Разахвоціць ісці ў кіно.

разахво́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разахвоціць.

2. у знач. прым. У якога з’явілася моцная ахвота рабіць што‑н. Прахожыя з пашанай расступіліся, а разахвочаныя хлопцы позіркамі пыталіся ў публікі — «Ну, што яшчэ. Толькі паддавай нам!..» Карпюк.

разахво́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да разахвоціцца.

разахво́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разахвоціць.