Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ласьён, ‑у, м.

Касметычны гігіенічны сродак для догляду скуры твару.

[Фр. lotion ад лац. lotio — мыццё.]

ласяня́ і ласянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня ласіхі.

лася́тнік, ‑а, м.

1. Памяшканне для ласёў.

2. Паляўнічы на ласёў.

лася́ціна, ‑ы, ж.

Мяса лася як ежа. Давялося пакаштаваць ласяціны.

лат, ‑а, М лаце, м.

Гіст. Грашовая адзінка ў Латвіі (1922–40 гг.).

[Латыш. lats.]

ла́та 1, ‑ы, ДМ лаце; Р мн. лат; ж.

Кавалак тканіны, скуры і пад., якім залатана дзірка на адзенні, абутку і пад. Прыкметы падышлі якраз: знарок запушчаная барада, два залатыя зубы, лата на левым калене. Брыль.

•••

Латамі трэсці гл. трэсці.

Лата на лаце — пра вельмі старое латанае адзенне. Ля саней застаўся .. чалавек у кароткай ватоўцы, у лапцях, у суконных гаспадарскіх нагавіцах — лата на лаце. Чорны.

ла́та 2, ‑ы, ДМ лаце; Р мн. лат; ж.

Дошка, жэрдка і пад., якія кладуцца ўпоперак крокваў. Снегу на страсе няма, і латы на бурай струхле[л]ай саломе тырчаць голымі пачарнелымі парэбрынамі. Галавач. У змроку відаць было, як у неба ўрэзвалася скрыжаванне лат. Скрыган.

лата́к, ‑а, м.

1. Адкрыты жолаб для сцёку, ссыпання чаго‑н. Тут [у бярэзніку] вясной уся вёска спускае сок з бяроз.. І сцякае ён у гладышы і дзежачкі па тонкіх латаках. Васілевіч. Сёмка і Жэнька ў момант .. адсунулі ўбок дашчаны латак, па якім толькі што бульба прагрукатала ў кармакухню. Паслядовіч.

2. Карыта з невялікім жолабам у млыне для ссыпання збожжа ў жорны.

латако́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да латака.

лата́нія, ‑і, ж.

Дакаратыўная расліна сямейства пальмавых з шырокімі веерападобнымі лістамі.

ла́танне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. латаць.