Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тапо́р, ‑пара, м.

Прылада для сячэння і склюдавання ў выглядзе насаджанай па драўляную ручку металічнай лопасці з вострым лязом з аднаго боку і з абухом з другога. Не чуваць стуку тапароў, людскога гоману на сядзібе. Пальчэўскі. Грымеў тапаром ён [цясляр], звінеў ён пілой Ды гэблікам шоргаў па дошках. Бялевіч. // Старадаўняя баявая зброя.

•••

Хоць тапор вешай гл. вешаць.

тапо́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць тапорнага (у 2 знач.).

тапо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тапара.

2. перан. Грубы, нязграбны, як тапаром зроблены. Тапорная мэбля. / Пра чалавека, яго фігуру, твар і пад. Лабановіч першы раз бачыць такую брыдкую, няўдалую жанчыну. Постаць яе няскладная, тапорная. Колас.

тапо́ршчыцца, ‑шчыцца; незак.

Абл. Тапырыцца. Заўважыўшы Міколку, .. [дзед Нупрэй] кінуўся завіхацца ля новага грабільна. Пачаў стругаць яго нажом і ўсё гэта разбіў з такім сярдзітым выглядам, што аж варушыліся, тапоршчыліся густыя сівыя бровы. Лынькоў.

тапо́ршчыць, ‑шчу, ‑шчыт, ‑шчыць; незак., што.

Абл. Тапырыць. Ураднік моўчкі тапоршчыў вусы. Бядуля.

тапо́рык, ‑а, м.

Разм. Памянш. да тапор; невялікі тапор. Яшчэ з далёкае пары Мне пах знаёмы на дрывотні Смаловых трэсак і кары, І я на бацькаўскім двары — Ужо з тапорыкам работнік. Бялевіч.

тапта́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. таптаць і таптацца.

тапта́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад таптаць (у 1, 2 знач.).

тапта́цца, тапчуся, топчашся, топчацца; незак.

1. Пераступаць з нагі на нагу на адным месцы. На паляне Анісім доўга таптаўся на месцы, чуйна ўслухоўваўся, з якога боку дзьме вецер, — хаця б не пачуў дзік чалавека. Сачанка. // Хадзіць туды-сюды на невялікай прасторы. Яшчэ больш .. [Антон] угнуў плечы і бязмэтна пачаў таптацца каля драбін. Чорны. — Чаго ж мы будзем таптацца на ганку? — зноў парывіста загаманіў Шырокі. Колас.

2. Рабіць што‑н., не дасягаючы мэты. Часці тапталіся на месцы, наступленне, было відаць, пачынала зрывацца. Мележ. // Рабіць што‑н., завіхацца, але без значнага плёну. [Касарыцкая:] — Тут дзень пры дні круцішся, топчашся, падмятаеш, даглядаеш... Іншы раз і знаку ніякага няма, як ваду ў ступе таўчэш... Грамовіч.

3. Глуміць, ходзячы па чым‑н. [Мікалай Патапавіч:] — Чаму вось гэтая .. «Фіялка» стаіць і жолаб з голаду грызе, а побач аднагодак топчацца па сене? Кулакоўскі. // Разм. Ходзячы па чым‑н., наносіць бруд. [Санітарка:] — І ночы на цябе няма! Ідзі спаць, хлопча, і не тапчыся па чыстай падлозе, усё роўна не пушчу. Грахоўскі.

4. Зал. да таптаць.

•••

Таптацца на (адным) месцы — не развівацца, не рухацца наперад.

тапта́ць, тапчу, топчаш, топча; незак.

1. што. Прымінаць нагамі, ходзячы, бегаючы па чым‑н. Толя крадком, міжвольна зірнуў ёй [Людзе] услед, — на светлы плашчык, што разлятаўся над загарам быстрых ног у басаножках, якія тапталі густую, нізкую траву. Брыль. А колькі травінак і кветак тапталі .. [хлопцы] за лета, не ведаючы, як яны называюцца. Чарнышэвіч. // Псаваць, глуміць; знішчаць, дратаваць. Таптаць пасевы. Таптаць грады. □ Жывёла кідаецца ў бакі, топча спелае жыта. Паўлаў. [Мужчына:] — Ты што гэта, Андрэй, траву топчаш, а не ідзеш касіць! Чарот. // Заціраць, раўнаваць, рабіць непрыкметным. Андрэй пераступаў з нагі на нагу — таптаў па пяску сляды ад веласіпеда. Пташнікаў. // каго. Катаваць, біць нагамі. Нявіднага тапталі нагамі і білі, але з такім разлікам, каб пакінуць жывым. Колас. // Разм. Ступаючы, пэцкаць нагамі. Таптаць падлогу.

2. перан.; што. Наўмысна знішчаць, разбураць, часова заняўшы, акупіраваўшы тэрыторыю. Люты вораг топча нашы палі, паліць гарады і сёлы, забівае савецкіх людзей, знішчае наша дабро, здабытае ў працы. Сяргейчык. [Алешын:] А сёння вораг топча край шчаслівы, Зямля ў пажарах нішчыцца мая. Бачыла. // Топчучы, тушыць, затоптваць. Мядзведзь наступіў нагамі на агонь, атросся і пачаў таптаць вогнішча. Бядуля.

3. што. Збіваць, зношваць абутак. [Полька Корзун:] — Я хадзіў бы дадому па суботах, але тата сварыцца, нашто, кажа, боты таптаць. Чарнышэвіч.

4. што. Пракладваць хадзьбою, пратоптваць; хадзіць. Таптаць сцежку. □ Тапчу я на ўсходзе дарогі Уздоўж, нацянькі, папярок. Астрэйка. Зарастаюць дарожкі імхом, што тапталі калісь партызаны. Машара.

5. перан.; што. Пагарджаючы, груба зневажаць, уніжаць. Мабыць, і .. [жанчына] звязана, як і Зіна, з тым снапом жыта, з жнівом, якое не дае спакою, калі вораг дратуе зямлю, топча чалавечую годнасць... Скрыган.

6. што. Шчыльна ўтоптваць нагамі. — Трэба добра пад сцяну ды пад страху запіхаць, — кажа бацька і, учапіўшыся аберуч за лаціну, топча сена, глыбока лезучы нагамі пад застрэшша. Брыль. Прыйшоў [Маеўскі] туды [у адрыну] і ўбачыў там дзевак, што якраз тапталі сена. Дзеўкі заўважылі хлопца і ўзрадаваліся магчымасці падурэць. Караткевіч. // Топчучы, складаць сена, салому (у стог, сцірту). — Цябе, Халімон, не паставяць. Гаворыць чалавек... — Дык яго, — ківае на мяне тата. — А ты, калі ўпраўны, стог пойдзеш таптаць. Мыслівец.

7. што. Разм. Неакуратна, наспех упіхваць, складваць што‑н. Таптаць рэчы ў чамадан.

8. каго. Разм. Апладняць самку (пра птушак).

•••

Таптаць у гразь каго — уніжаць чыю‑н. годнасць; узводзіць паклёп на каго‑н., знеслаўляць каго‑н.

Таптаць чые сцежкі — ісці па чыіх‑н. слядах.