таптаць, тапчу, топчаш, топча; незак.

1. што. Прымінаць нагамі, ходзячы, бегаючы па чым‑н. Толя крадком, міжвольна зірнуў ёй [Людзе] услед, — на светлы плашчык, што разлятаўся над загарам быстрых ног у басаножках, якія тапталі густую, нізкую траву. Брыль. А колькі травінак і кветак тапталі .. [хлопцы] за лета, не ведаючы, як яны называюцца. Чарнышэвіч. // Псаваць, глуміць; знішчаць, дратаваць. Таптаць пасевы. Таптаць грады. ▪ Жывёла кідаецца ў бакі, топча спелае жыта. Паўлаў. [Мужчына:] — Ты што гэта, Андрэй, траву топчаш, а не ідзеш касіць! Чарот. // Заціраць, раўнаваць, рабіць непрыкметным. Андрэй пераступаў з нагі на нагу — таптаў па пяску сляды ад веласіпеда. Пташнікаў. // каго. Катаваць, біць нагамі. Нявіднага тапталі нагамі і білі, але з такім разлікам, каб пакінуць жывым. Колас. // Разм. Ступаючы, пэцкаць нагамі. Таптаць падлогу.

2. перан.; што. Наўмысна знішчаць, разбураць, часова заняўшы, акупіраваўшы тэрыторыю. Люты вораг топча нашы палі, паліць гарады і сёлы, забівае савецкіх людзей, знішчае наша дабро, здабытае ў працы. Сяргейчык. [Алешын:] А сёння вораг топча край шчаслівы, Зямля ў пажарах нішчыцца мая. Бачыла. // Топчучы, тушыць, затоптваць. Мядзведзь наступіў нагамі на агонь, атросся і пачаў таптаць вогнішча. Бядуля.

3. што. Збіваць, зношваць абутак. [Полька Корзун:] — Я хадзіў бы дадому па суботах, але тата сварыцца, нашто, кажа, боты таптаць. Чарнышэвіч.

4. што. Пракладваць хадзьбою, пратоптваць; хадзіць. Таптаць сцежку. ▪ Тапчу я на ўсходзе дарогі Уздоўж, нацянькі, папярок. Астрэйка. Зарастаюць дарожкі імхом, што тапталі калісь партызаны. Машара.

5. перан.; што. Пагарджаючы, груба зневажаць, уніжаць. Мабыць, і .. [жанчына] звязана, як і Зіна, з тым снапом жыта, з жнівом, якое не дае спакою, калі вораг дратуе зямлю, топча чалавечую годнасць... Скрыган.

6. што. Шчыльна ўтоптваць нагамі. — Трэба добра пад сцяну ды пад страху запіхаць, — кажа бацька і, учапіўшыся аберуч за лаціну, топча сена, глыбока лезучы нагамі пад застрэшша. Брыль. Прыйшоў [Маеўскі] туды [у адрыну] і ўбачыў там дзевак, што якраз тапталі сена. Дзеўкі заўважылі хлопца і ўзрадаваліся магчымасці падурэць. Караткевіч. // Топчучы, складаць сена, салому (у стог, сцірту). — Цябе, Халімон, не паставяць. Гаворыць чалавек... — Дык яго, — ківае на мяне тата. — А ты, калі ўпраўны, стог пойдзеш таптаць. Мыслівец.

7. што. Разм. Неакуратна, наспех упіхваць, складваць што‑н. Таптаць рэчы ў чамадан.

8. каго. Разм. Апладняць самку (пра птушак).

•••

Таптаць у гразь каго — уніжаць чыю‑н. годнасць; узводзіць паклёп на каго‑н., знеслаўляць каго‑н.

Таптаць чые сцежкі — ісці па чыіх‑н. слядах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)