таптацца, тапчуся, топчашся, топчацца; незак.
1. Пераступаць з нагі на нагу на адным месцы. На паляне Анісім доўга таптаўся на месцы, чуйна ўслухоўваўся, з якога боку дзьме вецер, — хаця б не пачуў дзік чалавека. Сачанка. // Хадзіць туды-сюды на невялікай прасторы. Яшчэ больш .. [Антон] угнуў плечы і бязмэтна пачаў таптацца каля драбін. Чорны. — Чаго ж мы будзем таптацца на ганку? — зноў парывіста загаманіў Шырокі. Колас.
2. Рабіць што‑н., не дасягаючы мэты. Часці тапталіся на месцы, наступленне, было відаць, пачынала зрывацца. Мележ. // Рабіць што‑н., завіхацца, але без значнага плёну. [Касарыцкая:] — Тут дзень пры дні круцішся, топчашся, падмятаеш, даглядаеш... Іншы раз і знаку ніякага няма, як ваду ў ступе таўчэш... Грамовіч.
3. Глуміць, ходзячы па чым‑н. [Мікалай Патапавіч:] — Чаму вось гэтая .. «Фіялка» стаіць і жолаб з голаду грызе, а побач аднагодак топчацца па сене? Кулакоўскі. // Разм. Ходзячы па чым‑н., наносіць бруд. [Санітарка:] — І ночы на цябе няма! Ідзі спаць, хлопча, і не тапчыся па чыстай падлозе, усё роўна не пушчу. Грахоўскі.
4. Зал. да таптаць.
•••
Таптацца на (адным) месцы — не развівацца, не рухацца наперад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)