ласт 1, ‑а, М ‑сце, м.
1. Відазмененая канечнасць некаторых водных жывёл, птушак (марскіх чарапах, пінгвінаў, цюленяў і пад.), пальцы якой злучаны перапонкай. Маржы зарохкалі, заварушыліся і павярнулі да людзей, нязграбна рухаючы сваімі ластамі-лапамі. Маўр.
2. пераважна мн. (ла́сты, ‑аў). Прыстасаванне ў выглядзе вясла для палягчэння плавання пад вадой, якое надзяваецца на ногі плыўца. Віця прыладзіў да ног белагаловага [хлопчыка] ласты .. і падаў, нарэшце, маску. Гамолка.
ласт 2, ‑а, М ‑сце, м.
Адзінка вымярэння вагі карабельнага грузу, неаднолькавая ў розных краінах і ў дачыненні да розных грузаў.
[Ад гал. last — груз.]
ластано́гія, ‑іх.
Атрад марскіх жывёл з канечнасцямі ў выглядзе ластаў.
ла́стаўка, ‑і, ДМ ‑таўцы; Р мн. ‑тавак; ж.
1. Пералётная птушка атрада вераб’іных з вузкімі вострымі крыламі, вёрткая і хуткая ў палёце. Вясковая ластаўка. Ластаўка беражанка. □ Мы, трое жэўжыкаў, стаім каля плота і назіраем, як над гразкай вуліцай вывіваюцца белагрудыя ластаўкі. Пальчэўскі.
2. (звычайна пры звароце). Разм. Ласкавая назва жанчыны, дзяўчыны, дзяўчынкі. [Дзюмон:] — А ну, адгадай, ластаўка, што я сёння прынёс табе? Шамякін.
3. Гімнастычная фігура, пры якой пастава цела нагадвае птушку ў палёце.
•••
Першая ластаўка — пра першыя прыкметы з’яўлення чаго‑н.
ла́стаўчын, ‑а.
Які належыць ластаўцы (у 1 знач.). Ластаўчына гняздо.
ласу́н, ‑а, м.
Той, хто любіць паласавацца. [Сакоўскі:] — Толькі глядзіце, ягадныя ласуны, не аб’ядайцеся залішне. Якімовіч. Калі доўга есці адну і тую ж патраву, хоць самую і найсмачнейшую, дык яна нават і ласуну надакучыць. Чорны.
ласу́нак, ‑нку, м.
1. Што‑н. вельмі смачнае; улюбёная страва. Хатнія ласункі. □ Грыбы [госці], вядома, хвалілі, дый удаваліся яны такія, што маглі лічыцца ласункам. Лужанін. [Чайкі] то стралой узнімаюцца ўгору, то куляй ляцяць уніз за ласункамі, якія пасажыры кідаюць за борт. Філімонаў.
2. звычайна мн. (ласу́нкі, ‑аў). Салодкія кандытарскія вырабы і наогул усё смачнае; прысмакі. Танкісты пачалі дзецям соваць ласункі, хто галеты, хто цукар. Няхай. У парк рэдка хто заглядваў, і мядзведзям ужо не прыносілі ніякіх ласункаў. Даніленка.
ласу́ха, ‑і, ДМ ‑сусе, ж.
Жан. да ласун.
ла́сцік 1, ‑у, м.
Баваўняная тканіна з бліскучым верхам, якая ужываецца звычайна на падкладку. Паліто на ласціку.
[Ад англ. lasting — трывалы.]
ла́сцік 2, ‑у, м.
Каўчук, гума. // Разм. Гумка для сцірання напісанага.
[Ад новалац. elasticus — пругкі, эластычны.]
ла́сцікавы 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ласціку 1. Ласцікавы цэх. // Зроблены з ласціку. Ласцікавая падкладка.
ла́сцікавы 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ласціку 2. Ласцікавая вытворчасць.
ла́сы, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі смачны. Ласы кусок.
2. на што, да каго‑, чаго‑н. Які мае асаблівую цягу да каго‑, чаго‑н.; прагны, сквапны. Жвавы, гладкі конік рупліва перабіраў нагамі і весела ёкаў: відаць, не толькі сенам кормлены, але і да аўса ласы. Новікаў. Ласы на чужыя прыпасы. Прыказка. // Разм. Які выражае ахвоту, захапленне, прагнасць; ахвочы. Гаспадар .. таксама меў ласае вока на дачку пана каморніка. Колас.