Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жывапі́сец, ‑сца, м.

Мастак, які займаецца жывапісам. Жывапісныя работы ў Каломенскім палацы выконваў славуты Сымон Ушакоў, а таксама іншыя рускія жывапісцы. «Звязда».

жывапі́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць жывапіснага (у 2, 3 знач.). Жывапіснасць малюнка. Жывапіснасць стылю.

жывапі́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да жывапісу. Жывапісныя работы.

2. Прыгожы, маляўнічы, варты таго, каб быць адлюстраваным у жывапісе. Жывапісны куток прыроды. Жывапісная поза.

3. перан. Вобразны, яркі, выразны (пра мову, стыль і пад.). Ніхто ні да Пушкіна, ні пасля яго не даў такой жывапіснай карціны Пецярбурга, як аўтар «Меднага конніка». Палітыка.

жывапло́т, ‑а, М ‑лоце, м.

Рад густа пасаджаных дрэў або кустоў, якія ўтвараюць плот. Абапал старой, брукаванай дарогі выраўнялася, як на чыгунцы, высокія елкі, утварыўшы жываплот, за якім стаялі прысадзістыя яблыні. Грамовіч.

жываро́дзячы, ‑ая, ‑ае.

Які дае патомства шляхам нараджэння жывых дзіцянят (пра жывёл, якім увогуле ўласціва адкладанне яец або ікры). Жывародзячая яшчарка. Жывародзячыя рыбы. // Пра расліны, насенне якіх здольна прарастаць на мацярынскай асобіне. Жывародзячыя расліны.

жываро́дны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і жывародзячы.

жывасі́лам, прысл.

Сілком, гвалтоўна. Шоргаюць і рыпяць, мусіць адарваныя жывасілам з завесаў, у .. двары вароты. Сачанка.

жы́васць, ‑і, ж.

1. Паўната жыццёвых сіл; жвавасць, ажыўленасць. Вясёласць і жывасць, з якімі Зося выязджала зранку ў поле, змяніліся шэрымі, заўсёднымі вобразамі. Гартны. // Імклівасць, вёрткасць, рухавасць. Жывасць рухаў.

2. Яркасць, выразнасць, вобразнасць. У асобных мясцінах мова помніка губляе сваю жывасць і непасрэднасць. Шакун. Нягледзячы на адсутнасць сюжэтнай напружанасці, апавяданні Змітрака Бядулі не пазбаўлены жывасці. Каваленка.

3. Вастрыня, сіла, яснасць. Аўтар падкрэслівае ў .. [Несцяровіча] назіральнасць і жывасць розуму. Барсток.

жыватво́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць жыватворнага.

жыватво́рны, ‑ая, ‑ае.

Які дае жыццё, аднаўляе сілы, ажыўляе. Жыватворнае летняе сонца. □ А пройдзе ноч, жыватворная летняя ноч, — ізноў усё ажывае, зелянее. Кулакоўскі. // перан. Спрыяльны, дабратворны, плённы. Жыватворныя ідэі рэвалюцыі атрымліваюць новыя і новыя перамогі. «ЛіМ».