Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́хадзец, ‑дца, м.

1. Той, хто перайшоў з аднаго сацыяльнага асяроддзя ў другое. Выхадзец з нізоў.

2. Прышэлец адкуль‑н.; перасяленец. Польскія народныя песні і казкі прынеслі з сабою на Навагрудчыну выхадцы з Велікапольшчы. Лойка.

вы́хадзіцца, ‑дзіцца; зак.

Спец. Набыць пэўныя якасці пасля браджэння (пра піва, віно і пад.).

вы́хадзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

Разм.

1. што. Абысці пехатою многія мясціны. [Сусед:] — У часе грамадзянскай вайны я ўсе тутэйшыя месцы выходзіў. Галавач. Падлеткам за чужою чарадой Я выхадзіў выжары і пагоркі. Вітка.

2. Прабыць у стане хадзьбы які‑н. час; пахадзіць. У грыбныя часы.. дзядзька Марцін браў каробку і хоць выхадзіць палавіну дня, затое ж прынясе такіх баравікоў, што хоць вязі на выстаўку. Колас. [Лук’янская] выхадзіла некалькі дзён па Камароўцы і не магла дапытацца Шпулькевіча. Чорны.

3. што. Дабіцца чаго‑н., доўга або неаднаразова ходзячы. — А вы вось яшчэ пахадзілі б па полі, — смяяўся з.. [мужыкоў] дзед: — Можа што і выхадзілі б. Колас.

4. каго. Старанна даглядаючы, дабіцца папраўкі хворага. Пасля кантузіі Маша выхадзіла.. [Сіўцова] з матчынай цярплівасцю. Васілевіч.

5. каго-што. Выгадаваць, выкарміць, выняньчыць. Выхадзіць малады сад. Выхадзіць дзяцей без маткі. □ [Цётка Фядора:] — Няхай бы ўжо лепей ягняты прапалі. Усё роўна не выхадзіш іх, не дачакаешся карысці. Васілевіч.

вы́хадка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Учынак, які парушае агульныя нормы паводзін; нядобразычлівае выступленне, дзеянне. Непрыстойная выхадка. □ Малодшыя камандзіры глядзелі праз пальцы на ўсе выхадкі курсанта. Дамашэвіч. Кандрат.., схапіўшы коней за павады, вывеў іх з баразны. Не спадабалася Рэйтану гэта Кандратава выхадка. Лобан.

выхадны́, а́я, ‑о́е.

1. Які служыць для выхаду, выйсця. Выхадныя дзверы. Выхадны комін. □ Ззаду засталіся станцыйныя пабудовы, прамільгнуў выхадны светафор. Васілёнак.

2. Не для працы; святочны, парадны. Выхадны касцюм.

3. (у спалучэнні са словам «дзень»). Нерабочы. Выхадны дзень. // у знач. наз. выхадны́, о́га, м. Дзень адпачынку. Часам нават у выхадны.. [Ціхона] можна было знайсці толькі на заводзе. Грамовіч.

4. у знач. наз. выхадны́, о́га, м.; выхадна́я, о́й (‑о́е), ж. Той, хто выкарыстоўвае свой дзень адпачынку. [Зелянюк:] — Бачыш, я выхадны сёння. Зарэцкі. — Добрай раніцы, мамачка, — пацягнулася Ларыска рукамі да маці. — Ты сёння выхадная, праўда? І ў мяне сёння выхадны дзень. Так? Арабей.

•••

Выхадная дапамога гл. дапамога.

Выхадная роля гл. роля.

Выхадныя даныя гл. даны.

вы́халаджаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выхаладзіць.

вы́халадзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

Тое, што і выстудзіць. Выхаладзіць хату.

выхало́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да выхаладзіць.

вы́хапіцца, ‑юцца; зак.

Разм. Нечакана і хутка з’явіцца адкуль‑н. Полымя выхапілася з-пад страхі. □ За лесам выхапілася поле, потым надышоў пералесак, вузенькая ручаіна. Мележ. Дзікія качкі выхапіліся аднекуль з-за лазнякоў і спалохана шуганулі ў неба. М. Ткачоў.

вы́хапіць, ‑шлю, ‑піш, ‑піць; каго-што.

1. Імгненна выняць, дастаць. Выхапіць шаблю з ножнаў. □ [Жанчына] кінулася наперад і выхапіла дзяўчынку проста з-пад машыны. Скрыпка. // Узяць што‑н. наўгад, выпадкова. Выхапіць цытату. // перан. Вылучыць святлом, позіркам і пад. Агеньчык цыгаркі на момант выхапіў з цемры.. твар [Цімоха], чорную калматую бараду, аблуплены казырок салдацкай шапкі. Сіўцоў.

2. Схапіўшы, забраць, адабраць; вырваць. Выхапіць палку з рук. // перан. Вызваліць. Недзе там застаўся.. камандзір, іх таварыш. Пакуль гітлераўцы апамятаюцца, трэба выхапіць яго адтуль. Шахавец.