Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

выхава́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да выхаванец.

выхава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. выхоўваць ​1 — выхаваць.

2. Агульнае развіццё, культура чалавека.

вы́хаваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад выхаваць.

2. у знач. прым. Які ўмее добра паводзіць сябе, ветлівы. [Дзеці] рабілі ўражанне выхаваных і дысцыплінаваных хлопчыкаў. Колас.

выхава́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да выхавання. Выхаваўчая работа, роля, установа. Выхаваўчы працэс.

выхава́цель, ‑я, м.

Тое, што і выхавальнік. Як толькі арганізавалі дзетдом, Фёдар Рыгоравіч пайшоў працаваць выхавацелем. Рунец.

выхава́целька, ‑і, ж.

Разм. Жан. да выхавацель. Вяселле вырашылі ў інтэрнаце спраўляць. Спытала Валя Сакоўская ў выхавацелькі — дазволіла. Мыслівец.

вы́хавацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Атрымаць выхаванне. Выхавацца ў працоўнай сям’і.

вы́хаваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Даць неабходныя навыкі, навучыць паводзіць сябе. Выхаваць дзяцей. // Падрыхтаваць да якой‑н. дзейнасці; вырасціць. Выхаваць кадры інтэлігенцыі.

2. Сфарміраваць чый‑н. характар, зрабіць уплыў на склад думак, пачуцці. Выхаваць мужнага барацьбіта. Выхаваць надзейнага памочніка. Выхаваць пачуццё адказнасці. □ [Галубовіч:] — Трэба абудзіць народ, выхаваць, згуртаваць і павесці на рашучы і ўжо астатні штурм царызму. Колас.

вы́хад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выйсці (у 1, 2, 3 і 7 знач.).

2. Месца, праз якое выходзяць. Сонца блізка стаіць да захаду, і выхад на веранду ўвесь заліты чырвонымі водсветамі. Чорны. Нара мае два выхады: адзін наверх, а другі пад ваду. Маўр.

3. перан. Спосаб выйсця; з якога‑н. становішча. [Алешын:] — Адзіны выхад: ноччу прарвацца Любой цаною да сваіх. Бачыла.

4. Колькасць вырабленага прадукту. Выхад круп першым гатункам.

•••

Ведаць усе хады і выхады гл. ведаць.

вы́хаджаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выхадзіць.