Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

малайцава́ты, ‑ая, ‑ае.

Бравы на выгляд; ўдалы, спрытны. Чарнявая жанчына ўсё глядзела на малайцаватага дэмабілізаванага салдата, заразліва ўсміхалася, быццам паддавала яму рашучасці. Чыгрынаў. // Уласцівы малайцу (у 1 знач.), такі, як у малайца. Сярод .. [ваенных] вылучалася малайцаватая постаць ужо знаёмага начальніка каравульнай каманды. Хадкевіч.

малайцы́, ‑аў; адз. малаец, ‑лайца, м.; малайка, ‑і, ДМ ‑лайцы; мн. малайкі, ‑лаек; ж.

Народнасці і плямёны, якія жывуць у Інданезіі, Малайскай Федэрацыі, Тайландзе.

малайчы́на, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Тое, што і маладзец (у 1, 2 знач.). [Турсевіч:] — Ну, і малайчына! Далі-бог, маладзец... Я, па праўдзе сказаць, і думаў, што ты павінен праведаць мяне... Колас.

малака...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «малако», напрыклад: малакавоз, малаказдатчык, малакаапрацоўчы.

малакаво́з, ‑а, м.

1. Аўтамашына з цыстэрнай для перавозкі малака.

2. Той, хто займаецца перавозкай малака. [Пракоп:] — Вы хочаце, каб я з трактара ды перайшоў на вала? Можа, малакавозам мяне паставіце? Ермаловіч.

малакаго́нны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які садзейнічае багатаму выдзяленню малака. [Варанецкі:] — Васіль Міхайлавіч, бручка — багаты корм. Не першы год сеем. Малакагонны. Дуброўскі.

малакалары́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае малую, недастатковую колькасць калорый. Малакаларыйнае паліва.

малакалі́берны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дробнакаліберны. Малакаліберная вінтоўка.

малакаме́р, ‑а, ж.

Прылада для вымярэння колькасці малака.

малакампетэ́нтны, ‑ая, ‑ае.

Недастаткова дасведчаны ў якой‑н. галіне. Малакампетэнтны інфарматар. // Які не мае пэўных паўнамоцтваў. Малакампетэнтная камісія.