ла́скавасць і ласка́васць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць ласкавага. Сын гаспадара лашчыў мяккасцю сваіх вачэй і ласкавасцю свайго голасу. Гартны.
2. (пераважна з націскам на другім складзе). Прыветлівае. ласкавае абыходжанне. Зморанага, пасля душэўных пакут, .. [Пецю] вельмі расчуліла і пакарыла ласкавасць Любы і гаспадыні. Шамякін. У голасе дзяўчыны чулася добразычлівасць і ласкавасць. Новікаў.
ласкаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Разм. Станавіцца больш ласкавым, лагодным, спагадлівым. Лаяў нас [дзед] невядома за што. Але потым ізноў ласкавеў. Гарэцкі.
ла́скавы і ласка́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Поўны ласкі, любві; пяшчотны. Ласкавая маці. □ Сухенькая, тоненькая, як былінка, твар увесь у зморшчынах, як печаная груша, але якая прыветная і ласкавая была гэтая бабулька! Чарнышэвіч. // Які выражае ласку, любоў, пяшчоту. Ласкавы погляд. Ласкавыя словы. □ Нарэшце з’явілася і сама Марыя Міхайлаўна. Ужо немаладая, сярэдняга росту, з прыемным і ласкавым тварам. Мяжэвіч. Адказаць не змог хлапчына На дакор дзявочы, Бо пра ўсё яму сказалі Ласкавыя вочы. Дзеружынскі.
2. Ветлівы, далікатны ў абыходжанні; прыязны. Рагіна была далікатная з твару, здатная ў постаці, спрытная да работы і ласкавая да людзей. Адамчык. Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе. Прыказка.
3. перан. Мяккі, лагодны. Пашумліваў вецер лагодны, ласкавы. Колас. Ласкавае, спакойнае святло абедзеннага сонца залаціла пабурэлыя вершаліны бяроз і клёнаў. М. Ткачоў.
•••
Будзь ласкавы гл. быць.
На ласкавым хлебе гл. хлеб.
ласка́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Ласкавы, пяшчотны, мілагучны. Ласкальныя мелодыі. Ласкальная ўсмешка.
2. У граматыцы — які ўносіць сваёй формай адценне ласкі ў значэнне слова. Памяншальна-ласкальныя суфіксы назоўнікаў.
ласката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; заг. ласкачы; незак., каго-што і без дап.
Абл. Казытаць. Сухая калматая травінка прыемна ласкатала худую загарэлую шчаку. Стаховіч. Вецер прабіраўся пад расхлістаную кашулю, надзімаў яе, прыемна ласкатаў цела. Гамолка.
ласка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.
Тое, што і лашчыць. Не, няма другой такой краіны, Дзе б шырэй пралеглі пуцявіны, Дзе б так ветла далі Вабілі, ласкалі! Колас.
ласку́т, ‑а, М ‑куце, м.
Абрэзак, абрывак (тканіны, скуры і пад.). Ласкут паперы. // зб. Спец. Кавалкі тканіны стандартнай шырыні і малой даўжыні як адыходы вытворчасці. Мерны ласкут. // толькі мн. (ласкуты́, ‑оў). Абрыўкі чаго‑н., лахманы. На крылах [ветрака] трапяталі пад ветрам шырокія ласкуты палатна. Пянкрат.
ласку́тны, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з ласкутоў. Ласкутная коўдра.
ласо́, нескл., н.
Аркан з рухомай пятлёй на канцы для лоўлі жывёл. Накінуць ласо.
[Фр. lasso ад ісп. lazo.]
ласо́сь, ‑я, м.
Буйная марская прамысловая рыба сямейства ласасёвых з мясам чырванаватага колеру.