рухавічо́к, ‑чка, м.
Памянш. да рухавік (у 1 знач.); невялікі рухавік. Ля клуба перастаў тарахцець рухавічок. Навуменка.
руха́вы, ‑ая, ‑ае.
Які вызначаецца жывасцю, хуткасцю рухаў; непаседлівы. Старожва, нізенькая, сухенькая, рухавая бабка, пазнаёмілася з новым настаўнікам яшчэ ў першы дзень яго прыезду. Колас. Вельмі зручна было мець пад рукой рухавага спрытнага памочніка. Гамолка. Рухавая і гаваркая, з цёмнымі вачыма і русымі валасамі, спадарожніца спадабалася Леаніду. Шахавец. // Напоўнены рухамі, з вялікай колькасцю рухаў. Рухавыя гульні. // Які валодае лёгкасцю рухаў, лёгка прыводзіцца ў рух. Рукі хірурга заўсёды вельмі чыстыя, дужыя і рухавыя, як у піяніста. Грахоўскі. // Які часта мяняе свой выраз (пра твар). Я слухаў таропкую гаворку брыгадзіра, пазіраў на яго рухавы твар і разумеў, што хвалюе гэтага чалавека вельмі многае. Дадзіёмаў.
ру́хальны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да руху, прыводзіць у рух што‑н., кіруе рухам чаго‑н. Рухальная рэакцыя. Рухальныя навыкі. Рухальная сіла. Рухальныя нервы.
ру́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Перамяшчацца, перасоўвацца. Гадзіны дзве ўся калона рухалася разам з партызанамі. Колас. І калі полымя ахапіла сцены і з вокан, праз выбітыя рамы, пачалі вылазіць людзі, здольныя яшчэ рухацца, узнялася страляніна. Лынькоў. / у перан. ужыв. І тым не менш справа не рухаецца з месца. «Звязда». // перан. Развівацца ў якім‑н. напрамку. Па шляху капіталістычнага развіцця даволі хутка рухалася ў паслярэформенны перыяд і Беларусь. Ларчанка.
2. Разм. Рушыцца з месца; ісці, адпраўляючыся куды‑н. [Камандзір:] — З’явіцеся да нашага каменданта.., і ён вам скажа, што рабіць. А нам трэба рухацца далей. Маўр.
3. Рабіць рухі; варушыцца. Пад смуглай скурай загарэлых худых шчок рухаліся жаўлакі. Самуйлёнак. [Таня] так змарылася ад перажытага хвалявання, што не магла ні рухацца, ні гаварыць ці нават думаць. Шамякін.
4. Зал. да рухаць (у 1, 2 і 4 знач.).
ру́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго-што. Перамяшчаць, пхнучы ці цягнучы. Рухаць воз. // перан. Кіраваць перамяшчэннем каго‑, чаго‑н., накіроўваць куды‑н.
2. што. Прыводзіць у рух, прымушаць дзейнічаць. Рухае яго, кран гэты, і кіруе стромкай стралой пастаўлены ў зграбнай будцы самы сапраўдны трактар. Шынклер. [Рыбнікаў:] Пара можа і лакаматыў рухаць, і кацёл узарваць. Крапіва.
3. чым. Рабіць рухі, варушыць якімі‑н. часткамі цела. Рухаць рукамі. □ Свае праклёны .. [служка] шаптаў вечна і да таго прывык гаварыць сам з сабою, што нават у сне рухаў губамі. Бядуля.
4. перан.; што. Садзейнічаць развіццю чаго‑н. І кожны чуў у ранішняй пераклічцы гудкоў магутны гул суладнай чалавечай працы, якая ўзнімала ўгору гарады і сёлы, якая рухала ўперад жыццё. Лынькоў. Дысертанту стварылі ўсе ўмовы, толькі пішы, рухай наперад навуку. «Вожык».
5. Разм. Тое, што і рухацца (у 2 знач.). — Цяпер можна рухаць далей каму куды трэба, — выказаў Рыгор. Гартны.
руха́ч, ‑а, м.
Спец. Устройства (вінт самалёта, кола аўтамабіля і пад.), якое забяспечвае рух якога‑н. транспартнага сродку.
ру́хаючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад рухаць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Накіроўваючы, вядучы. Рухаючыя сілы рэвалюцыі. Рухаючыя сілы савецкага грамадства.
3. Дзеепрысл. незак. да рухаць.
рухлі́васць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць рухлівага.
рухлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і рухавы. У гэтых яркіх рухлівых агнях было штось надзвычай павабнае і цікавае. Колас. Мускулы твару вельмі рухлівыя, чулыя і кожную хвіліну мяняюць выраз. Бядуля.
рухля́к, ‑у, м.
Рыхлая асадкавая горная парода, якая складаецца з гліны і дробных кавалачкаў вапны.