Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ру́сы, ‑ая, ‑ае.

Светла-карычневы з шараватым ці жаўтаватым адценнем (пра валасы). Русыя вусы. Русая барада. □ [Веньяміну] робіцца весела: у русых валасах дзяўчыны заблыталася травінка. Навуменка. Дзве русыя тоўстыя касы звісалі ніжэй паясніцы. Гурскі. // Які мае валасы такога колеру (пра чалавека). Ад бессані, ад звону гарадскога ў край буслоў, калін і медуніц, да яснавокіх русых маладзіц мяне вяртае самы юны спогад. Федзюковіч. У непрагляднай завірусе Цябе прыкмечу я здалёк — Сярод чарнявых, белых, русых Ты ўся гарыш, як вугалёк. Дайнека.

руся́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Блізкі да русага, светла-русы (пра валасы). Была .. [Лена] даволі прыгожая, з карымі вачамі, з доўгімі русявымі косамі, якія ў тыя гады былі модныя. Дубоўка. На галаве [Сюзаны] пушыстая вязаная хустка, з-пад якой выбіваецца пасмачка русявых валасоў. Навуменка. // Які мае такія валасы. Чалавеку гадоў было на выгляд за трыццаць. Такі сабе русявы.. мужчынка, даўно няголены. Брыль. — А ты тутэйшы? — увязаўся ў гаворку русявы чырвонаармеец. Мікуліч.

ру́та, ‑ы, ж.

Від шматгадовых травяністых раслін і паўкустоў сямейства рутавых з жоўтымі кветкамі і лісцямі, у якіх змяшчаецца эфірнае масла. Старыя магілы пазарасталі рутаю, чабром і мятаю. Мурашка.

ру́тавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да руты; уласцівы руце. Рутавы ліст. Рутавы пах. // Зроблены, прыгатаваны з руты.

2. у знач. наз. ру́тавыя, ‑ых. Сямейства трапічных ці субтрапічных двухдольных раздзельнапялёсткавых раслін, у лісцях якіх змяшчаецца эфірнае масла.

ру́твіца, ‑ы, ж.

Род адна- і шматгадовых травяністых раслін і паўкустоў сямейства матыльковых.

рутэ́ніевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рутэнію. Рутэніевы рад.

рутэ́ній, ‑ю, м.

Хімічны элемент — шэры, лёгкі, тугаплаўкі метал плацінавай групы, з якога вырабляюцца валаскі для лямп напальвання.

[Ад лац. ruthenus — рускі.]

рух, ‑у, м.

1. У філасофіі — усеагульная і неабходная ўласцівасць матэрыі, асноўная форма яе існавання.

2. Змяненне становішча прадмета ці яго частак, перамяшчэнне; стан, супрацьлеглы нерухомасці, спакою. Вярчальны рух. Рытмічна рух. // Дзеянне, работа якога‑н. механізма. Вялізная аграмадзіна прыйшла ў рух і загрукатала, як каменедрабілка. Карпаў.

3. Перамяшчэнне ў прасторы ў якім‑н. кірунку. Вайсковы рух на гасцінцы ў тую ноч, можна сказаць, не спыняўся. Чорны. // Дзейнасць таго ці іншага віду транспарту. Трамвайны рух. □ Увесь таварны і пасажырскі рух спыніўся. Лынькоў. На вуліцы быў вялікі рух. Ішлі таксі, аўтобусы, тралейбусы. Няхай. // Язда і хада ў розных кірунках (на вуліцах, дарогах і пад.). З кожным днём рух на дарозе ўзмацняўся. Маўр. Пасля паўдня рух па шашы ажыўляецца. Васілевіч. Вясенняе сонца .. залаціла гарадскія вуліцы. У гэты ранні час, ды яшчэ ў нядзелю, рух быў малы. Корбан.

4. Змяненне становішча цела ці яго частак; жэст. Танцавала Зіна лёгка, папярэджваючы кожны рух партнёра. Шыцік. Яны сачылі за кожным рухам настаўніка. Якімовіч.

5. перан. Унутраны штуршок да якога‑н. дзеяння. Цяжка сказаць, чаму я даверыўся ёй у той момант. Бываюць душэўныя рухі, якія немагчыма растлумачыць. Шамякін.

6. перан. Грамадская дзейнасць, масавыя выступленні, якія ставяць пэўныя мэты. Рух прыхільнікаў міру. Нацыянальна-вызваленчы рух. Рэвалюцыйны рух. Партызанскі рух.

7. Колькаснае ці якаснае змяненне; рост, развіццё. Рух народанасельніцтва.

8. Развіццё дзеяння (у якім‑н. літаратурным творы). Драматычны рух апавядання.

•••

Паступальны рух — рух, пры якім усе пункты цела перамяшчаюцца паралельна адзін аднаму.

руха́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць рухавага, жывасць. Пеначкай звалі маленькую Алачку за яе рухавасць, за чубік, за шчабятлівы галасок. Дуброўскі. Застылыя рысы твару ўмомант набылі жывую рухавасць. Шамякін.

рухаві́к, ‑а, м.

1. Машына, якая ператварае які‑н. від энергіі ў механічную энергію; машына, якая прыводзіць у рух што‑н. Паравы рухавік. Рэактыўны рухавік. Дызельны рухавік.

2. чаго. Сіла, якая пабуджае да чаго‑н., садзейнічае росту, развіццю чаго‑н.

•••

Рухавік унутранага згарання — рухавік, у якім паліва згарае ўнутры цыліндра пад поршнем.