журы́, нескл., н.
Група спецыялістаў, якая прысуджае ўзнагароды і прэміі на конкурсах, выстаўках, спаборніцтвах. Ацэнка журы. Журы конкурсу.
[Фр. jury.]
журы́цца, журу́ся, жу́рышся, жу́рыцца; незак.
Знаходзіцца ў стане журбы; сумаваць, маркоціцца. Над рэчкай журацца каліны, Іх радасць ветрам аднясло. Пушча. З прыгожай доляй я заручаны; Ты, маці, не журыся. Пысін. // па кім-чым. Нудзіцца, сумаваць. І маці родная мая Ўсё журыцца па мне. Кірэенка.
журы́ць, журу́, жу́рыш, жу́рыць; незак., каго і без дап.
Злёгку дакараць, сварыцца на што‑н., павучаючы. Косця, вядома, быў нямала сканфужаны такой ацэнкай яго работы, але ён бачыў, што дзед журыць яго так сабе, не па злосці. Якімовіч. Няёмка быць там, дзе цябе лаюць і жураць, ды і каму гэта прыемна адчуваць сябе горшым сярод другіх. Дуброўскі.
жу́хлы, ‑ая, ‑ае.
Няяркі, пацямнелы (пра фарбы, колеры). // Высахлы, нясвежы (пра лісце, траву). Між камлёў.. — трава, дзе высокая, зялёная, а дзе рудая, жухлая, выпаленая спякотным сонцам. Мележ. Ад вугалькоў я запаліў сухую, жухлую траву, што нарваў там жа, на паляне. Сачанка.
жу́хнуць, ‑не; незак.
Страчваць яркасць, цямнець (пра колеры, фарбы). // Страчваць свежасць, сохнуць (пра лісце, траву). На міртах жухне лісце — няма каму паліць. Гілевіч.
жучо́к, ‑чка, м.
Памянш. да жук (у 1 знач.); невялікі жук. Жучкі і конікі трашчалі І ў стройны звон свой зык злівалі. Колас.
жы́ва, прысл.
1. Наглядна, маляўніча, ярка. Прачытаў Сцяпан аб адным здарэнні на начлезе, дзе апісвалася вельмі жыва і натуральна, як дзядзька Мікола шукаў сваю люльку. Колас. // Выразна, яскрава. У Панасюка ўсплывае жыва ў памяці малюнак развітання з маткай. Яна галасіла, як па нябожчыку: — На каго ты мяне, старую, пакідаеш? Бядуля.
2. Хутка, паспешліва. Наталька жыва абулася ў свае старыя чаравічкі. Колас.
3. Ажыўлена, бадзёра, бойка. Гутарка на сходзе ішла жыва, хаця і бязладна. Дуброўскі. — Давай сыр! — жыва сказаў мужчына, хапаючыся за кошык. Самуйлёнак.
4. Дзейсна, актыўна; горача. Беларуская крытыка жыва адгукалася і на тую палеміку, якая разгортвалася на старонках усесаюзнага друку. Перкін.
жыва...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню а) слову «жывы», напрыклад: жывародзячы; б) слову «жыццё», напрыклад: жыватворны.
жывагло́т, ‑а, М ‑лоце, м.
Разм. Драпежнік, які глытае здабычу жыўцом. // перан. Пра сквапнага, бязлітаснага прыгнятальніка. Жыў спакойна цэлы век Невядомы чалавек. Жыў багатым жываглотам, Працаваць не меў ахвоты. А. Александровіч.