жыва, прысл.

1. Наглядна, маляўніча, ярка. Прачытаў Сцяпан аб адным здарэнні на начлезе, дзе апісвалася вельмі жыва і натуральна, як дзядзька Мікола шукаў сваю люльку. Колас. // Выразна, яскрава. У Панасюка ўсплывае жыва ў памяці малюнак развітання з маткай. Яна галасіла, як па нябожчыку: — На каго ты мяне, старую, пакідаеш? Бядуля.

2. Хутка, паспешліва. Наталька жыва абулася ў свае старыя чаравічкі. Колас.

3. Ажыўлена, бадзёра, бойка. Гутарка на сходзе ішла жыва, хаця і бязладна. Дуброўскі. — Давай сыр! — жыва сказаў мужчына, хапаючыся за кошык. Самуйлёнак.

4. Дзейсна, актыўна; горача. Беларуская крытыка жыва адгукалася і на тую палеміку, якая разгортвалася на старонках усесаюзнага друку. Перкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)