румя́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак.
1. Пакрывацца румянцам (у 1 знач.); чырванець. Твар румяніцца дзявочы, І бярозкай гнецца стан... Гурло.
2. Пакрываць твар румянамі; фарбавацца. Жанчына румяніцца.
3. Набываць чырвоны колер, адценне, чырванець. Над полем, Над сасоннікам, Над гаем Румяніцца вячэрняя зара. Свірка. Да раніцы над мястэчкам румянілася патрывожанае неба. Паўлаў. // Падсмажваючыся, пакрывацца залаціста-карычневай скарыначкай; запякацца. Пірог пачаў румяніцца. □ Смажаная на зборы бульба румянілася хрумсткімі скрылікамі на вялікай патэльні. Новікаў.
румя́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што.
1. Выклікаць румянец на твары, шчоках. А новы дзень румяніць людзям шчокі, Бо з сонцам пачынаюць дзень. Тармола. Ты думаеш аб сярдзітых завірухах, якія так прыгожа румяняць шчокі і бадзёраць падарожнік... Якімовіч.
2. Пакрываць румянамі (твар, шчокі). Румяніць твар.
3. Рабіць чырвоным, пакрываць румянцам (у 2 знач.). Румяніць возера зара. Смагаровіч.
румя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Стэпавая двухгадовая расліна сямейства бурачнікавых з цвёрдымі шурпатымі лістамі і пурпурнымі кветкамі.
румя́ны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты румянцам, з румянцам на твары. Косцік і Шурка, румяныя з марозу, убеглі ў хату і пачалі апранацца: Косцік у лес, а Шурка ў школу. Брыль. Круглы румяны твар хлопца ажно ззяў. Хомчанка. // перан. З чырвоным бокам (пра яблыкі, грушы і пад.). І такія на ёй яблыкі растуць — чырвоныя ды румяныя. Якімовіч.
2. Ярка-чырвоны, ружовы. У акно ўжо зазірала сонца, круглае, румянае. Сачанка.
3. Чырванаваты, з залаціста-карычневым адценнем (пра колер печаных і смажаных вырабаў). Маці заўсёды пякла.. вялікія пампушкі з белай пшанічнай мукі, такія пахучыя, румяныя. Шамякін. — Ну, хваліся, — папрасіла Арына, паставіўшы назад на пліту блюда з румяным і адмыслова аздобленым парасём. Карпаў.
румя́ны 2, ‑аў; адз. няма.
Ружовая ці чырвоная касметычная фарба для твару.
руне́ць, ‑ее; незак.
Узыходзячы, зелянець (звычайна пра азімыя пасевы). Лес зрэдку разрываўся невялічкімі палянкамі, на некаторых рунела жыта. Колас. Весела рунела атава на сенажацях. Хадкевіч. // Вылучацца сваім зялёным колерам. Над шэрай страхою рунела сасна. Вялюгін.
ру́ністы, ‑ая, ‑ае.
Які мае густое руно, густую шэрсць. Руністая парода авечак.
руні́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рунаў. Рунічнае пісьмо.
руно́, ‑а, н.
Шэрсць авечкі. Тонкае руно.
•••
Залатое руно — у грэчаскай міфалогіі: залатая шкура барана.
ру́ны, рун; адз. руна, ‑ы, ж.
1. Старажытныя пісьмёны, якімі карысталіся пераважна скандынавы і якія захаваліся ў надпісах на камянях і іншых прадметах. Шмат якія руны відавочна маюць сляды апрацоўкі, але зроблена яна тонка. Лужанін.
2. Старадаўнія народныя песні ў карэлаў, фінаў і эстонцаў.