мнагако́рпусны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае некалькі корпусаў. Мнагакорпусны плуг.
мнагакра́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць мнагакратнага.
мнагакра́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які паўтарыўся, паўтараецца многа разоў. Мнагакратная просьба.
2. У матэматыцы — лік, кратны многім лікам.
•••
Мнагакратны від дзеяслова — форма дзеяслова, якая абазначае працяглую паўтаральнасць дзеяння.
мнагале́тні, ‑яя, ‑яе.
Спец. Які жыве некалькі год (аб травах).
мнагале́тнікі, ‑аў; адз. мнагалетнік, ‑у, м.
Спец. Расліны, што жывуць некалькі год. Травы-мнагалетнікі. Мнагалетнік дэкаратыўны.
мнагале́цце, ‑я, н.
Уст. Доўгае жыццё; даўгалецце.
мнагалі́кі, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з вялікай колькасці каго‑, чаго‑н.; шматлікі. Ад раўнін да гор Ходзіць гоман стоязыкі, Разнастайны, мнагалікі. Колас. Кружылася ад мнагалікіх пахаў травы галава. Васілевіч.
мнагалу́чны, ‑ая, ‑ае.
Разнастайны, мнагапланавы. Сон і я[ва] зліваюцца ў адным тлумным шматгранным малюнку маладога жыцця з яго радасцямі і трывогамі і мнагалучнымі праявамі. Колас. Найбольшае ўздзеянне мела на Коласа творчасць Пушкіна, адметная сваімі мнагалучнымі, бясконцымі сувязямі з народным жыццём. Навуменка.
мнагалю́ддзе, ‑я, н.
Вялікая колькасць людзей. Спалоханыя мнагалюддзем, шумам, музыкай, .. [галубы] на ўсю сілу — аж выгіналіся спінкі — памкнулі ўгару. Карпаў. Шумяць, гамоняць нечуваным мнагалюддзем лясныя Рагалі. Навуменка.
мнагалю́дна, безас. у знач. вык.
Аб наяўнасці мноства людзей. На Крашчаціку шырокім Мнагалюдна кожны дзень: Ўсцяж плывуць машын патокі Між патокамі людзей. Жычка.