Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неакрэ́слены, ‑ая, ‑ае.

1. Дакладна нявызначаны, няпэўны. Далёкая і адказная камандзіроўка за тысячы кіламетраў зноў адрывала.. [Карніцкага] ад сям’і на неакрэслены час. Паслядовіч. Асабовая форма 1‑ай асобы множнага ліку абазначае дзеянне вялікай групы, неакрэсленай множнасці, у якую можа ўваходзіць і той, хто гаворыць. Граматыка.

2. Невыразны, няясны. Для [Кузьмы Чорнага] паняцце Радзіма не была чымсьці абстрактным, неакрэсленым, адасобленым ад чалавека. Кудраўцаў. // Які нічога не выяўляе, не выказвае. Неакрэслены жэст.

неактуа́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неактуальнага. Неактуальнасць праблемы.

неактуа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае істотнага значэння ў сучасны момант, не адпавядае патрабаванням сучаснасці. Але вось праходзіць самы малы час, і гэтая п’еса робіцца неактуальнай, проста-такі часта не цікавай. Чорны.

неакура́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неакуратнага; неахайнасць.

неакура́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не захоўвае парадку, дакладнасці. Неакуратны плацельшчык. □ Неакуратны ж і неадначасны збор перашкаджае нармальнаму ходу заняткаў. Колас.

2. Нядбайна зроблены, недакладна выкананы. Неакуратны надпіс.

3. Неахайны ў адносінах да сваіх рэчаў. Неакуратны вучань.

неалагі́зм, ‑у, м.

Словы або выразы, якія з’яўляюцца ў мове для абазначэння новых паняццяў.

[Ад грэч. neos — новы і lógos — слова.]

неалі́т, ‑у, М ‑ліце, м.

Эпоха пазнейшага каменнага веку.

[Ад грэч. neos — новы, lidos — камень.]

неаліты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да неаліту. Неалітычны век.

неандэрта́лец, ‑льца, м.

Від выкапнёвага чалавека, які жыў 200–35 тысяч гадоў таму назад у Еўропе, Азіі і Афрыцы.

[Ад назвы даліны Neandertal каля Дзюсельдорфа, дзе ў 1856 г. былі ўпершыню знойдзены часткі шкілета гэтага чалавека.]

неандэрта́льскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да неандэртальца.