рудзяне́ц, ‑нца, м.
Травяністая лекавая расліна сямейства складанакветных з бледнажоўтымі кветкамі; бародаўнік.
рудні́к, ‑а, м.
Сістэма збудаванняў для здабычы карысных выкапняў, а таксама горнапрамысловае прадпрыемства, якое ажыццяўляе гэтую здабычу. Залатыя руднікі. Медныя руднікі.
рудніко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рудніка, звязаны з рудніком, з работай на рудніках. Рудніковыя рабочыя. Рудніковы газ. Рудніковы транспарт.
ру́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да руды. Рудныя багацці. // Які мае ў сабе руду. Рудныя выкапні.
ру́дня, ‑і, ж.
Уст. Прамысловае прадпрыемства, дзе здабывалі або плавілі руду.
рудсто́йка, ‑і, ДМ ‑йцы, зб., ж.
Разм. Крапёжныя драўляныя матэрыялы; крапёжны лес. [Бедыкоўскі:] — Данбасу рудстойка патрэбна? Патрэбна. А дзе яе ўзяць? З вольхі рудстойкі не зробіш. Мяжэвіч.
руды́, ‑ая, ‑ое.
Рыжа-карычневы. І ўсё ў гэтым чалавеку было рудым — і яркая каўбойка і калматая чупрына, і густыя калючыя бровы. Лынькоў. Хлопцы ўбачылі, як вялікая рудая вавёрка ледзь справілася ўскочыць на тоўстую елку. Ваданосаў. Па берагах канала ляжалі высокія бясформенныя груды рудой балотнай зямлі. Краўчанка.
•••
Загінуў як рудая мыш гл. загінуць.
рудыме́нт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Недаразвіты, астаткавы орган, які страціў сваё першапачатковае значэнне ў працэсе эвалюцыйнага развіцця.
2. перан. Кніжн. Астатак, рэшткі якой‑н. з’явы.
[Ад лац. rudimentum — зачатак, пачатковая ступень.]
рудымента́рны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які з’яўляецца рудыментам, знаходзіцца ў недаразвітым стане; астаткавы.
•••
Рудыментарны орган гл. орган.
ру́жа, ‑ы, ж.
Дэкаратыўная расліна сямейства ружакветных з шырокапялёсткавымі, звычайна пахучымі кветкамі рознай афарбоўкі і са сцяблом, пакрытым калючкамі, а таксама кветка гэтай расліны. У агародчыку перад кожным домам раслі вяргіня, ружа, бэз, мята. Мурашка. Па сваёй каханай сумаваў я дужа, Наламаў букет ёй Самых яркіх ружаў. Свірка.
•••
Ружа вятроў — дыяграма паўтаральнасці вятроў розных напрамкаў у пэўнай мясцовасці, складзеная на аснове шматгадовых сярэдніх паказчыкаў метэаралагічных станцый за месяц, сезон або год.
Чайная ружа — а) ружа, кветкі якой маюць бледна-жоўты колер; б) сорт ружы розных колераў і адценняў з моцным пахам чаю.