Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гамалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае аднолькавыя адносіны да чаго‑н.; адназначны, падобны.

•••

Гамалагічныя рады — а) у біялогіі — расліны, жывёлы, падобныя па сваіх марфалагічных і фізіялагічных прыкметах; б) у хіміі — арганічныя злучэнні, якія адрозніваюцца групай СН₂ і падобныя ў хімічных адносінах.

гамало́гія, ‑і, ж.

Спец. Падабенства органаў аднолькавага паходжання, якія развіваюцца з аднолькавых зачаткаў і маюць аднолькавыя марфалагічныя суадносіны.

[Грэч. homologia — адпаведнасць.]

гамана́, ‑ы, ж.

Разм. Бязладны шум мноства галасоў; гучная размова. Песня, смех, гучная гамана вырываліся з вагонаў. Мікуліч. У зале.. стаяла такая гамана, што цяжка было пачуць якое-небудзь асобнае слова. Сабаленка. // Чуткі, пагалоска. Па людзях жа пайшла гамана, што па лясах збіраецца вялікая сіла. Чорны.

гамані́ць, ‑маню, ‑моніш, ‑моніць; незак.

1. Весці гаворку, размаўляць з кім‑н. Да брата Прыходзяць сябры, Гамоняць аб справах Да позняй пары. Астрэйка. // Гаварыць, расказваць пра што‑н. Доўга гаманіў Базыль ды аб усім патроху. Нікановіч. Сядзяць людзі-падарожнікі ды грэюцца. Стары белабароды дзед гамоніць нешта. Каваль.

2. Узнімаць гоман, шумець, гучна перагаворваючыся. На пустой, спаленай вуліцы Паплавоў ціснуўся, гаманіў натоўп. Мележ. За ракой гаманілі начлежнікі. Пташнікаў.

3. перан. Ствараць бязладныя гукі, шумець, гусці. А мора несціханае гамоніць, на дзюны хвалі ўспененыя гоніць. А. Вольскі. Шумяць лугавіны, разліўшы духмянасць, Гамоняць пад ветрам.. палі. Ляпёшкін. // Поўніцца, запаўняцца шумам, гоманам. Горад шумеў і гаманіў рознымі галасамі. Колас.

гаманкі́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Тое, што і гаманлівы. [Рыгор] стаў вельмі гаманкім і павесялеў так, што нават спрабаваў спяваць. Сіняўскі.

гаманлі́васць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць гаманлівага.

гаманлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які любіць пагаварыць; гаваркі, гаварлівы. Нейкім асаблівым чуццём .. [Мікалай] адчуў неабходнасць падпарадкавацца гэтаму вясёламу, гаманліваму хлопцу з яснымі вачамі. Шамякін. // Ажыўлены, шумны (пра натоўп, гурт людзей і пад.). Вунь, быццам вецер прашумеў, прамільгнула гаманлівая купка дзяўчат, і ўжо з ваколіцы даляцела задзірыстая прыпеўка. Марціновіч. // перан. Шумлівы, незмаўкальны. Над рачулкай гаманлівай Заводзяць песні салаўі. Колас.

гамапла́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Ліквідацыя дэфектаў органаў і тканак шляхам перасадкі здаровага органа або тканкі ад аднаго індывідуума да іншага, які належыць да таго ж віду.

гама́рня і гамэ́рня, ‑і, ж.

Разм.

1. Шматгалосы крык, бязладная гаворка. Словы ледзьве можна было распазнаць паміж той гамарні, якая цяпер тварылася на дварэ. Чарот.

2. Пра вялікае няўтульнае памяшканне (першапачаткова — як месца шумных зборышчаў). Што .. [Міхал] будзе адзін рабіць у гэтай гамарні? Гэта ж не жарты: тры пакоі, калі мець на ўвазе кухню. Васілевіч.

3. Уст. Металаапрацоўчая майстэрня.

га́матны, ‑ая, ‑ае.

Абл. Залішне прасторны, вялікі; грубы (часцей пра вопратку). Жанчыніна вопратка была цяжкая і гаматная. Чорны.