гаманіць, ‑маню, ‑моніш, ‑моніць; незак.

1. Весці гаворку, размаўляць з кім‑н. Да брата Прыходзяць сябры, Гамоняць аб справах Да позняй пары. Астрэйка. // Гаварыць, расказваць пра што‑н. Доўга гаманіў Базыль ды аб усім патроху. Нікановіч. Сядзяць людзі-падарожнікі ды грэюцца. Стары белабароды дзед гамоніць нешта. Каваль.

2. Узнімаць гоман, шумець, гучна перагаворваючыся. На пустой, спаленай вуліцы Паплавоў ціснуўся, гаманіў натоўп. Мележ. За ракой гаманілі начлежнікі. Пташнікаў.

3. перан. Ствараць бязладныя гукі, шумець, гусці. А мора несціханае гамоніць, на дзюны хвалі ўспененыя гоніць. А. Вольскі. Шумяць лугавіны, разліўшы духмянасць, Гамоняць пад ветрам.. палі. Ляпёшкін. // Поўніцца, запаўняцца шумам, гоманам. Горад шумеў і гаманіў рознымі галасамі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)