Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

мілаві́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мілавіднага. Павярнуўшыся да суседкі, Рыгор .. глядзеў ёй у твар, цешыўся яго мілавіднасцю. Гартны.

мілаві́дны, ‑ая, ‑ае.

З прыемным на выгляд тварам, прывабны. Хударлявая, сярэдняга росту, з мілавідным тварам, чыста адзетая маладзіца ўвайшла ў пакоік з невялікім чайнікам у руцэ. Гартны. З трох дзяўчат .. [Надзея Адамаўна] была самая мілавідная. Колас.

мілагу́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мілагучнага. Мілагучнасць мовы. Мілагучнасць голасу.

мілагу́чны, ‑ая, ‑ае.

Прыемны на слых; які прыемна гучыць. □ Гукі раяля, зліваючыся ў мілагучную мелодыю, ледзь чутна даляталі да вушэй вартавога. Колас.

мі́ласцівы, ‑ая, ‑ае.

Які выказвае міласць, прыхільнасць, паблажлівасць; літасцівы. Аднак лёс быў неаднолькава міласцівым да Полацка і палачан. Васілевіч.

мі́ласціна, ‑ы, ж.

Ахвяраванне жабраку, бедняку. І зноў вагоны, зноў даўжэзная пакутлівая дарога. На станцыях [бежанцы] хадзілі прасіць міласціну, хоць рэдка калі ўдавалася што сабраць. Якімовіч.

мі́ласць, ‑і, ж.

1. Добрыя, велікадушныя адносіны. Дзякуй вам за хлеб, за кашу і за міласць вашу. З нар.

2. Ахвяраванне, дар. [Аксіння:] — Ды кожнаму кланяйся ды прасі, як тае міласці, каб хаця невялічкую якую работу табе далі. Лынькоў. [Шугай:] — Бальшавікі, таварыш Каліна, не чакаюць міласцей ад прыроды. Яны заваёўваюць перамогу. Асіпенка.

•••

Ваша, твая (яго, яе, іх) міласць (уст. і іран.) — ужываецца як пачцівы зварот і пры ўпамінанні трэцяй асобы.

Змяніць гнеў на міласць гл. змяніць.

Міласці просім гл. прасіць.

На міласць бога (спадзявацца) — не рабіць ніякіх захадаў для паспяховага ажыццяўлення чаго‑н.

Па міласці каго — а) дзякуючы каму‑н.; б) перан. па чыёй‑н. віне.

Скажы на міласць гл. сказаць.

міласэ́рнасць, ‑і, ж.

Схільнасць да спагады іншым, да літасці над кім‑н. [Сімон:] — Сплаці мне ўсё поўнасцю праз тыдзень, а то я ладам у суд .. Досыць ужо маёй міласэрнасці. Самуйлёнак.

міласэ́рны, ‑ая, ‑ае.

Які выяўляе міласэрнасць; схільны рабіць дабро. Міласэрны чалавек. // Які з’яўляецца вынікам міласэрнасці. Міласэрны ўчынак.

•••

Міласэрная сястра гл. сястра.

мілата́, ‑ы, ДМ ‑лаце, ж.

Разм.

1. Чароўнасць, прыгажосць, абаянне чаго‑н. прыгожага. У Лявона на сэрцы неяк стала лёгка і соладка, калі адчыніў варотцы ў свой садок. Мілата і любата! Чарнышэвіч.

2. у знач. вык. Пра тое, што выклікае зачараванне, захапленне. [Барашкін:] — Хлопцы ў цябе растуць — мілата! Барыс жа ў армію пойдзе вясною. Савіцкі.