мі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм.
1. Ласкавы зварот да жанчыны, дзяўчыны. — Падрыхтавалася, мілка? — пытаецца мая новая знаёмая праз пару мінут. Шынклер.
2. Каханая дзяўчына. Мая мілка добра скача, Добра песенькі пяе. А за кросны сядзе — плача: Ніткі ў бёрда не ўкладзе. З нар.
міло́рд, ‑а, М ‑дзе, м.
Тытул арыстакрата, лорда ў Англіі; ветліва-пачцівы зварот да яго.
[Англ. milord, ад my lord — мой лорд.]
мі́лы, ‑ая, ‑ае; міл, міла.
1. Які выклікае прыемнае ўражанне, прыхільнасць да сябе; чароўны, абаяльны. Ходзіць гоман між збажынкі, Мілы і шчаслівы. Колас. І вось няма яго, Васі Чычына, мілага, слаўнага хлопца. Лынькоў. У мяне.. не выходзіла з галавы прыгожая дзяўчына з мілымі вачыма. Нікановіч.
2. Дарагі, любімы; блізкі сэрцу. Месца было роднае і такое мілае, што Віця аж заплакаў крадком. Чарнышэвіч. Радзіма! Адчуў я ў разлуцы з табою, Як люб мне і дораг кут мілы бацькоў. Прыходзька. Кожнаму свой куток мілы. Прыказка.
3. Ужываецца пры сяброўскім звароце. Даніла, мілы мой Даніла! Ах, натварыў сабе ты бед! Колас. [Шульга:] — Давай спярша, міл чалавек, дамовімся аб плаце. Васілёнак.
4. у знач. наз. мі́лы, ‑ага, м.; мі́лая, ‑ай, ж. Каханы, каханая. — Мілая, ну, глянь, хоць разік глянь! Колас.
•••
За мілую душу гл. душа.
мільга́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. мільгаць.
мільгану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Разм. Паказацца на момант у руху і знікнуць, прамільгнуць. У варотах мільганулася жаночая постаць з вёдрамі. Колас. // перан. Хутка і нечакана з’явіцца ў памяці. Адна ідэя мільганулася ў мяне ў галаве. Але перш, я павінен быў зноў знайсці таксі. М. Стральцоў.
мільгану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да мільгаць.
мільгаце́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. мільгацець.
мільгаце́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Свяціць няроўным, перарывістым святлом; іскрыцца. Цяпло ішло ад грубкі. У ёй патрэсквалі дровы. Чырвоныя водбліскі мільгацелі на сцяне, на падлозе. Каршукоў. Вунь як быццам мільгацяць у гушчары агеньчыкі. Ці не ваўкі? Гамолка.
2. З’яўляцца ў полі зроку і знікаць, праносіцца перад вачыма. Свішча за сцяною вецер, бразгае на слупе бляшаны абажур, мільгацяць кадры старой кіналенты. Аляхновіч. Зноў дарога. Лугі.. і зялёныя пушчы, шырокія палі спелай збажыны мільгацяць за акном. Мыслівец. // перан. Хутка праносіцца ў памяці. Мільгацяць у галаве здагадкі.
мільга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. З’яўляцца, паказвацца на кароткі час і знікаць; з’яўляцца час ад часу. Белая суседчына хустка мільгала за рэдкім плотам. Мікуліч. // перан. З’яўляцца, праносіцца ў памяці. Не раз мільгала думка — стаць ляснічым, садзіць бярозы і сосны. Навуменка. Нешта даўно забытае мільгала ў памяці. Чарнышэвіч.
2. Хутка праносіцца адно за другім, зменьваючы адно другім. Міма вокнаў вагона мільгаюць пералескі, злёгку кранутыя пазалотай восені. Шахавец. Міналася спусцелае поле і голыя гайкі, і мільгалі на спатканне тэлеграфныя слупы. Гарэцкі.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Свяціць коратка, з перарывамі; бліскаць. Насупраць мільгаюць зарніцы, Гудуць урачыста гудкі. Хведаровіч. — Глядзіце, глядзіце! Вунь там мільгае агеньчык! Скрыпка.
мільгну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Разм. Тое, што і мільгануцца.