Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рубі́навы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да рубіну. // Зроблены з рубіну. Рубінавыя зоркі.

2. Чырвонага колеру, як рубін. Усюды звісалі цяжкія гронкі рабін, рубінавыя чапцы каліны, з якіх, здавалася, вось-вось пырсне церпкі сок... Паслядовіч. Помніш вечар з рубінавай дзіўнай зарой, ружавелі далёкія далі? Кляшторны.

рубі́ць 1, рублю, рубіш, рубіць; незак., што.

Падшываць край чаго‑н.; рабіць рубец. Рубіць хустку.

рубі́ць 2, рублю, рубіш, рубіць; незак., што.

1. Будаваць што‑н. з дрэва, бярвення. Захар аблюбаваў месца для новай хаты і пачаў рубіць зруб. Краўчанка. Уладзік толькі дрэва навалачыў, каб новую хату рубіць. Брыль.

2. Здабываць (руду, вугаль).

•••

Рубіць з пляча — гаварыць, дзейнічаць неразважліва, рэзка, занадта катэгарычна.

ру́бка 1, ‑і, ДМ рубцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рубіць ​2.

ру́бка 2, ‑і, ДМ рубцы; Р мн. рубак; ж.

1. Надбудоўка на верхняй палубе судна, дзе знаходзяцца пасты кіравання суднам. І ўжо капітаны сапраўднага флоту У рубках стаялі, гатовыя ў рэйс. Калачынскі.

2. Кабіна ў дырыжаблі, дзе знаходзіцца камандзір і размешчаны прылады кіравання.

[Ад гал. roef — каюта.]

ру́блены 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад рубіць ​1.

ру́блены 2, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад рубіць ​2.

2. у знач. прым. Зроблены з бярвення; драўляны. Рубленая хата. □ Прывезлі да каменданта гарнізона. Нічога не пыталіся, а заперлі ў маленькім рубленым свінушніку. Мыслівец.

рублёвы, ‑ая, ‑ае.

Які каштуе адзін рубель, вартасцю ў адзін рубель. Рублёвы білет. Рублёвая марка.

рублёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы; Р мн. ‑лёвак; ж.

Разм. Манета або казначэйскі білет вартасцю ў адзін рубель. Загляні цяпер да нарачанцаў. Раз вугра іх тлустага з’ясі, Пра цану не станеш больш спрачацца, Сам рублёўку лішнюю дасі. Панчанка. [Соня] разгладжвала пакамечаныя рублёўкі. Корбан.

ру́брыка, ‑і, ДМ ‑рыцы; ж.

1. Загаловак раздзела ў газеце, часопісе і пад. [Лясніцкі:] — Пачнём справу з экстранага выпуску газеты. Дадзім пад рубрыкай «Не верце фашысцкай правакацыі!..» Шамякін.

2. Раздзел, падраздзяленне чаго‑н.; графа. Разнесці лічбы па рубрыках.

[Ад лац. ruber — чырвоны.]

рубрыка́цыя, ‑і, ж.

Размеркаванне, расстаноўка па рубрыках.

рубцава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рубцавацца.

рубцава́ты, ‑ая, ‑ае.

З рубцамі ​1. І тут хлопцы ахнулі: у Мікалая Пятровіча з плечука тырчала куцая костка, абцягнутая рубцаватай чырвонай скурай. Нядзведскі.