адніма́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да адняцца.
2. Зал. да аднімаць.
адніма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адняць.
адно́,
1. ліч. гл. адзін.
2. часціца абмежавальная. Разм. Толькі, выключна; больш нічога. [Андрэй] адно хмурыць твар і злосна страсае на лоб кучму бязладных сваіх валасоў. Зарэцкі. [Стары:] — Гаварыць можна адно тады, калі добра ведаеш чалавека. Бажко. Шпакі каля дарогі цэлы дзень адно крычаць. Колас. / У спалучэнні з словам «што». Зянон Ляпіч.. адно што дапытваў — катаваў сябе: чаму правароніў момант, калі немцы набліжаліся да вёскі? М. Ткачоў.
3. часціца ўзмацняльная (часта ў спалучэнні з часціцай «ж»). Разм. Узмацняе момант нечаканасці, раптоўнасці наступлення дзеяння. Бачу — адно ж зноў паваліў снег. Гляджу — адно ж едуць госці.
4. злучнік супраціўны. Разм. Злучае члены сказа і сказы з адносінамі неадпаведнасці (звычайна ў спалучэнні са словамі «што», «толькі»). Па свайму значэнню адпавядае злучнікам «толькі», «аднак». [Андрэй] жыў там некалькі дзён, а цяпер перабраўся на кватэру, вельмі добрую, адно што цесную. Чорны. Наталя не перамянілася, адно толькі, што папаўнела. Скрыган. / У спалучэнні з часціцай «ж». [Цёця Каця:] Мне здавалася раней, што ваша жонка чарнявая, адно ж яна бландзінка. Крапіва.
5. злучнік далучальны. Разм. Далучае сказы, якія дапаўняюць або ўдакладняюць выказаныя раней думкі. Навакол былі лясы, кары хапала, адно еш на здароўе. Чорны. У вайну.. [Полацк] быў дашчэнту разбуран нямецка-фашысцкімі захопнікамі, адно ляжалі горы руін, тырчалі абломкі сцен. Хадкевіч.
адно́йчы, прысл.
Аднаго разу. І вось аднойчы вечарам.. [бацька] выняў з футляра сваю скрыпку. Брыль. Аднойчы я адпачываў на Каўказе, у Хосце. Скрыган. [Маці:] — Я за гэты хвойнік так аднойчы палаялася з Амелькам, што ён і цяпер баіцца сустракацца са мной. Шамякін. // Адзін раз. Дачка адыходзіла цвёрда, аднойчы зірнула назад. Дубоўка.
адно́лькава, прысл.
1. Прысл. да аднолькавы.
2. У роўнай меры, ступені. Найбольш насцярожыў яго [пагранічніка].. абутак: ва ўсіх трох аднолькава новыя боты з чырвонага юхту. Брыль.
адно́лькавасць, ‑і, ж.
Уласцівасць аднолькавага.
адно́лькавы, ‑ая, ‑ае.
Такі, які нічым не адрозніваецца ад іншых, такі самы. [Полаг:] — У аднолькавым мы становішчы былі пасля акупацыі. Адны галавешкі ды каміны засталіся. Шамякін. І аднолькавае гора У нас некалі было, І адзін і той жа вораг, І адно і тое ж зло. Астрэйка. // Які ніколькі не змяніўся; такі, як заўсёды.
адно́рак, ‑рка, м.
Разм. Адгалінаванне, запасны ход ад асноўнай нары. Пад адной з іх [ялін] нара барсука з некалькімі запаснымі адноркамі. В. Вольскі.
адно́сіна, ‑ы, ж.
1. Лік, які атрымліваецца ад дзялення адной велічыні на другую. Геаметрычная адносіна. Лік, які паказвае, колькі працэнтаў дадзены лік складае ад другога ліку, называецца працэнтнай адносінай.
2. Дзелавая папера з запытаннем ці паведамленнем аб чым‑н. Сяргей пачаў разбіраць прысланыя ўчора адносіны і распараджэнні. Шахавец.
адно́сіны, ‑сін; адз. няма.
1. Характар паводзін, абыходжання каго‑н. з кім‑, чым‑н. Выхаваць сацыялістычныя адносіны да сродкаў вытворчасці. □ Дзіўнымі былі адносіны Максіма да Машы. Шамякін. Дзеці нейкім сваім дзіцячым пачуццём разбіраюцца ў шчырасці дарослых, у адносінах іх да сябе. Васілевіч. // Погляд на што‑н., разуменне чаго‑н. Камуністычныя адносіны да працы.
2. Сувязі паміж людзьмі, пэўнымі групамі ці краінамі, якія ўзнікаюць у працэсе іх дзейнасці, суіснавання. Дыпламатычныя, гандлёвыя, эканамічныя адносіны. Адносіны паміж настаўнікамі і вучнямі. Таварыскія адносіны.
3. Узаемная сувязь, залежнасць з’яў або іх кампанентаў. Адносіны прычыны да выніку. Пытанне аб адносінах свядомасці да матэрыі.
4. Дачыненне да каго‑, чаго‑н., сувязь з кім‑, чым‑н. І прозвішча яго — Дарожка — ніякіх адносін, здаецца, да дзятлаў не мае. Якімовіч.
•••
Ва ўсіх адносінах — з любога пункту гледжання.
У адносінах да каго, чаго — ужываецца ў якасці прыназоўніка са значэннем напрамку дзеяння.