разадзьму́цца, ‑муся, ‑мешся, ‑мецца; зак.
Тое, што і раздзьмуцца.
разадзьму́ць, ‑му, ‑меш, ‑ме; зак., што.
Тое, што і раздзьмуць. Знаю, што ў панурую Ночы непагоду Разадзьме іх [думкі-мары] буран З захаду да ўсходу. Танк. Дома бацька-стрэлачнік праз слёзы Павучае: — Ты смялей, Валёк, Словы два скажы ім пра марозы, Разадзьмі ў пячурцы аганёк. Жычка.
разадзява́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да разадзецца.
разадзява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разадзець.
разадне́ць, ‑ее; безас., зак.
Тое, што і разднець.
разадра́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад разадраць.
2. у знач. прым. Парваны, прарваны. Разадраныя штаны. □ Калі сцягнуў з нагі разадраны чаравік, адчуў, што за спіною нехта стаіць. Вышынскі.
разадра́цца, раздзярэцца; зак.
Раздзяліцца на часткі ад рэзкага руху, ад зношанасці. Кашуля разадралася.
разадра́ць, раздзяру, раздзярэш, раздзярэ; раздзяром, раздзераце; зак., каго-што.
1. З сілаю, рэзкім рухам раздзяліць на часткі. — Раздзяры торбу на дзве посцілкі і высып з лубянкі свой мак. Якімовіч. Андрэй сам разадраў гэту запіску на дробныя кавалачкі і выкінуў у памыйнае вядро. Лобан. // Падраўшы, распячатаць. [Галя] .. разадрала канверт пісьма, якое было адрасавана ёй. Ермаловіч. // Зрабіць драным. Разадраць штаны. Разадраць бот. // Нанесці рану, глыбокую драпіну. [Алесь] адчуў нешта цёплае на запясці левай рукі: з невялікай ранкі кроплямі сачылася кроў. Відаць, разадраў аб .. [сук]. Караткевіч.
2. Раздзяліць злучанае, растуліць. Склеілася так, што не разадраць. □ — Проста павекі зліпаюцца — не разадраць. Чарнышэвіч.
раза́к 1, ‑а, м.
1. Прылада для рэзання чаго‑н. Мадэльеры распрацавалі спараныя разакі для раскрою мяккага скуртавару. «Звязда». // Рэжучая частка якой‑н. прылады, інструмента, машыны. Не забыта .. [зямля], бо вунь пры шляху востра паблісквае на сонцы разаком плуг. Мурашка. // Абл. Піла. Назаўтра з раніцы засунуў [Марцін] за пояс спрытную сякеру, узяў разак, прыстасаваны такім парадкам, каб можна было ім аднаму пілаваць, і пайшоў ў лес. Колас.
2. Інструмент для кіслароднай рэзкі металаў. Аўтагенны разак.
3. Рабочы, спецыяліст па забою жывёлы, птушкі.
4. Абл. Жорсткая, але нетрывалая заледзянелая скарынка снегу або лёду. Святло .. [ракеты] часам прымушала яго легчы на жорсткі, сцукраваны снег, і Васіль па разаку вужам перапаўзаў.. на шэрае ворыва або таіўся нерухома ў праталай разорыне. Грамовіч. — На разаку ты такі лавок не паставіш правільна .. — зрушыць плынню. Масарэнка.
раза́к 2, ‑у, м.
Шматгадовая вадзяная расліна сямейства жабнікавых з моцнымі калючымі лістамі і буйнымі белымі кветкамі, якая ў час цвіцення ўсплывае на паверхню. У затоках вясною і ў дажджлівыя гады стаяла брудная рудая вада і ў ёй расла жорсткая і такая ж рудая асака, перамешаная крамяным лапушыстым разаком. Якімовіч.
разалга́цца, ‑лгуся, ‑лжэшся, ‑лжэцца; ‑лжомся, ‑лжацеся, ‑лгуцца; зак.
Разм. Пачаўшы лгаць, захапіцца хлуснёй. [Мужчын] слухалі, нават заахвочвалі, каб даць разалгацца яшчэ болей. Колас.