івасёвы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да івасі. Івасёвая пуціна.
івасі́, нескл., ж.
Невялікая прамысловая рыба сямейства селядцовых; ціхаакіянская сардзіна.
[Яп.]
ігла́, ‑ы́; мн. і́глы (з ліч. 2, 3, 4 іглы́), і́глаў; ж.
1. Тое, што і іголка (у 1–5 знач.). А зараз .. [дарожкі] анямелі, Прысыпаны ігламі хвой. Колас.
2. чаго або якая. Пра шпіль будынка. Адміралцейская ігла.
іглападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае форму іглы. Іглападобнае лісце.
ігласку́рыя, ‑ых.
Тып марскіх беспазваночных жывёл, якія маюць вапнавы ўнутраны шкілет і шыны або іголкі на паверхні цела (напрыклад, марскія зоркі).
іглі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Хваёвая іголка, звычайна маленькая. Ігліца кедравая намнога даўжэйшая ад сасновай, а галоўнае — у сасновай па дзве іглінкі ў пучку, а тут па чатыры. Дубоўка.
іглі́сты, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з ігліцы, іголак (у 3–5 знач.), густа пакрыты імі. Іглістая елка. □ Адна галіна з пажоўклай шышкай, з іглістымі кусточкамі, ціха гайдаючыся, цягнулася да расчыненай форткі, нібы заглядвала ў пакой. Мележ. Тут, у зацішку, не мяла. Толькі церушыўся з дрэваў калючы снегавы пыл, прысыпаючы дарогу іглістай намараззю. Асіпенка.
іглі́ца, ‑ы, ж.
1. зб. Іголкападобнае лісце хвойных дрэў і кустоў. [Яліна] моцна здрыганулася, страсянуўшы з сябе цэлы дождж ігліцы і шышак. Лынькоў. Потым пацягнула борам, які адтаў, спакойна аддаючы ў паветра водар кіславатай ігліцы, дух смалы і шышак... Ермаловіч.
2. Адзін ліст хвойных дрэў і кустоў. Дробныя ігліцы яловых лапак высахлі і асыпаліся, услаўшы дно [ш]алашоў тоўстым пухкім пластом. Колас. Моўчкі сосны старыя стаяць (Ні адна не хіснецца ігліца). Матэвушаў.
3. Разм. Папярочны драўляны брусок, якім змацоўваюцца дзвярныя дошкі.
іглі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ігліцы. Іглічны подсціл. Іглічныя пазы.
іглі́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., што.
Разм. Змацоўваць з дапамогай ігліцы (у 3 знач.). Іглічыць дзверы.