Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шматгало́сы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шматгалосся (у 1 знач.); поліфанічны. Шматгалосы хор.

2. Які складаецца з шматлікіх галасоў, гукаў, што гучаць адначасова; які ўтвараецца шматлікімі галасамі. З двара казармы вецер данёс шматгалосы гоман. П. Ткачоў. І раптам на тым баку вёскі пакацілася густое шматгалосае «ура!» Грахоўскі. // Які ўтварае многа гукаў; шумны. Натоўпы людзей шматгалосыя радамі ўліваюцца шчыльнымі. Пабачыш усе тут [у метро] прафесіі, сыноў розных нацый і рас. Панчанка. Помню цэх шматгалосы і змену начную, Помню ў шуме і громе, у промнях святла Кранаўшчыцу, кержачку вясёлую Нюру, Што з гарэзлівай песняй па цэху ішла. Дайнека.

шматгра́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць шматграннага. Шматграннасць прызмы. Шматграннасць таленту. □ Паэзія цесна звязана з жыццём, з яго шматграннасцю і канфліктамі, з нашым сучаснікам. Лойка.

шматгра́ннік, ‑а, м.

Геаметрычнае цела, якое абмежавана з усіх бакоў плоскімі многавугольнікамі. Правільны шматграннік. // Прадмет, які мае выгляд такога цела. Фрэзероўшчыца наспявае за адну змену забяспечыць сутачную патрэбу цэха ў шматгранніках, шліцах і іншых дэталях. «Звязда».

шматгра́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае шмат, многа граней. Шматгранны камень. Шматгранная калона.

2. перан. Які ахоплівае розныя бакі чаго‑н.; рознабаковы. Камуністычная партыя Беларусі лічыць сваю дзейнасць састаўной часткай шматграннай дзейнасці КПСС. «Маладосць». Талент Максіма Багдановіча быў шматгранны і ўсебаковы. Клімковіч. Уплыў рабочых калектываў на жыццё школы шматгранны і вельмі карысны. «Звязда».

шматдзённы, ‑ая, ‑ае.

Які адбываецца, працягваецца шмат дзён. Дождж мацнеў і мацнеў, убіраўся ў сілу, і гэта прыемна было ўсеедамляць пасля шматдзённай спякоты і сённяшняга чакання. Лупсякоў.

шматжы́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які складаецца з некалькіх ці многіх жыл. Шматжыльны трос. Шматжыльны кабель.

шматзара́дны, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае ў сабе шмат зарадаў (пра зброю). Шматзарадны аўтамат.

шматзна́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць шматзначнага. Шматзначнасць з’явы. Шматзначнасць слова.

шматзна́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікае значэнне, важныя вынікі, значны ўплыў на каго‑, што‑н. Шматзначная падзея. □ Усё, што датычыла Іры, было для мяне тады шматзначнае, напоўненае незвычайным сэнсам. Марціновіч.

2. Які робіць намёк на што‑н. важнае; які пра многае гаворыць. Надзя.. не вытрымлівала шматзначнага і ў той жа час іранічнага позірку бацькі. Лынькоў. Кірэй з нейкай шматзначнай усмешкай засаджвае цыгарэту ў грудную кішэньку Антосевага пінжака. Дамашэвіч.

3. У матэматыцы — які складаецца з многіх лічбавых знакаў. Шматзначная лічба.

4. У мовазнаўстве — які мае многа значэнняў. Шматзначнае слова.

шматзяме́лле, ‑я, н.

Наяўнасць вялікай колькасці зямлі, якая выкарыстоўваецца для вядзення сельскай гаспадаркі.