травяні́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца травою, складаецца з травы. Травяністыя расліны. □ Жыта ўрадзіла рэдкае і травяністае. Сяркоў.
2. Які зарос травою. Крокаў за сто трапіўся травяністы грудок. Місько. Позірк .. [Сабіны] прабягае па травяністых дарожках — то да хлява, да павеці, то да закінутага ля плота старога паграбка з чорным, праселым падстрэшкам. Ракітны.
3. Па выгляду, па будове падобны да травы. Травяністая папараць.
4. перан. Па смаку падобны да травы; нясмачны. Травяністы чай.
5. Састаўная частка некаторых батанічных назваў. Травяністая бягонія.
травя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Фарба, прыгатаваная з травы.
2. Расліна сямейства гваздзіковых.
травяны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да травы; з’яўляецца травою. Травяное покрыва. Травяны пах. // Прыгатаваны з траў, па травах. Травяная мука. Травяная настойка. // Які жыве ў траве, на траве. Травяная жаба.
2. Які зарос травою, пакрыўся травою. На змярканні [хлопцы] прыйшлі да ракі. І паселі на травяным абрывістым беразе. Брыль.
3. Уласцівы траве, зялёны (пра колер). Сукенка травянога колеру.
трагеды́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць трагедыйнага. Трагедыйнасць сюжэта. □ Адцяняючы трагічныя інтанацыі і матывы, гэта «светлая падзея» як быццам «знімае», пераадольвае самую трагедыйнасць давераснёўскай лірыкі Максіма Танка. Бугаёў.
трагеды́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да трагедыі (у 1 знач.), уласцівы ёй. Трагедыйная роля. Трагедыйны жанр. □ [Рэжысёр Ахлопкаў] убачыў у А. Кіставе сілу трагедыйнага акцёра. «Беларусь».
2. Поўны трагізму, трагічнасці. [Дырыжор] цудоўна перадаваў і вострыя, напружаныя драматычныя калізіі, і экстатычныя ўзлёты, і трагедыйны пафас. «ЛіМ». Праследаванні надавалі .. паэтычнаму самавыяўленню [М. Танка] трагедыйную напружанасць. У. Калеснік.
траге́дыя, ‑і, ж.
1. Драматычны твор, у аснове якога ляжыць непрымірымы жыццёвы канфлікт, сутыкненне характараў і пад., што часцей за ўсё канчаецца смерцю героя. Трагедыі У. Шэкспіра. Трагедыя А. С. Пушкіна. // Пастаноўка на сцэне такога твора. Ставіць трагедыю.
2. Жудасная, страшная падзея; няшчасце. Тужлівую песню спяваў бор, сведка шматлікіх падзей, людскога шчасця і чалавечых трагедый. Гурскі. Стэп, дзе разыгралася жудасная трагедыя, стаў называцца Акмолінскім. Васілёнак. // Перажыванне, безвыходнае становішча, якое прыносіць цяжкія пакуты. Купала бачыў сацыяльную трагедыю працоўнага сялянства ў тым, што яно пазбаўлена самага галоўнага — жыццёвай асновы, зямлі. Івашын. [Раечка:] — У гэтым жа і ўся трагедыя, што я скора не здолею працаваць. Лобан.
•••
Рабіць трагедыю з чаго гл. рабіць.
[Грэч. tragōdia.]
трагі́зм, ‑у, м.
1. Трагічны элемент, трагічны пачатак у драматычным або музычным творы і яго выкананні. Трагізм вобраза.
2. Трагічны, змрочны бок чаго‑н.; безвыходнасць. [Багушэвіч] не проста малюе карціны сялянскага жыцця, а выбірае якраз тыя, дзе можна найлепей выявіць трагізм існавання сялянскага класа. Навуменка. // Трагічнае выражэнне, інтанацыя. У голасе ў яго поўна пакорнага трагізму і разам з тым задавалення. Зарэцкі.
тра́гік, ‑а, м.
1. Акцёр, які выконвае трагічныя ролі. Вялікі трагік П. С. Мачалаў іграў Чацкага. «Беларусь».
2. Аўтар трагедыі. Грэчаскія трагікі — Эсхіл, Сафокл, Эўрыпід.
[Ад грэч. tragikos — трагічны.]
трагікаме́дыя, ‑і, ж.
1. Драматычны твор з камічнымі і трагічнымі элементамі.
2. Гісторыя, падзея, становішча, у якім да сумнага прымешваецца смешнае.
трагікамі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да трагікамедыі (у 1 знач.). Трагікамічны твор.
2. Сумны і смешны адначасова. Трагікамічны выпадак. Трагікамічная падзея.