ро́жа 1, ‑ы, ж.
Інфекцыйная хвароба, якая характарызуецца вострым запаленнем скуры або слізістых абалонак.
ро́жа 2, ‑ы, ж.
Абл. Ружа. Амур і сумны і прыгожы Стаіць з павязкай на вачах Ля склепу. Часам лёгкі пах Сюды даносіцца ад рожы. Багдановіч.
ро́жысты, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рожы 1. Рожыстае запаленне.
ро́звальні, ‑яў, адз. няма.
Тое, што і развалкі, развалы. Цераз нейкі час [Ёська і Кастусь] ехалі гасцінцам на шырокіх сялянскіх розвальнях, пазахінаўшыся шынялямі ад ветру. Галавач.
ро́зведы, ‑аў; адз. няма.
Разм. Дзеянне паводле дзеясл. разведаць (у 1 знач.). Перш чым вязаць падбухторшчыка Гарасіма ды адсылаць у астрог, .. [стараста] запрог каня і сам рвануў у воласць у розведы. Якімовіч. [Сцёпка], нікому нічога не кажучы, вырашыў: «Зайду ў розведы [да Каржакевіча] нібыта пазычыць чаго». Баранавых.
ро́зга, ‑і, Р мн. ‑заг; ж.
1. Тонкая гнуткая галінка, дубец. Сталым крокам між бярозак З сябрам-кіем ён [Сымон] ідзе, А з ім лісце ў гушчы розаг Мову згодную вядзе. Колас.
2. звычайна мн. (ро́згі, ‑заг). Удары, пакаранне такімі дубцамі. Адной жанчыне, якая супраціўлялася, не хацела аддаць масла, тут жа ўсыпалі розаг. Гурскі.
ро́згалас, ‑у, м.
Абл. Рэха, адгалоскі. Я свой звон ход у ход Размахну, як ніхто і ніколі; Аж ад рук і ад хмур вежы рухне падмур, Толькі розгалас пойдзе па полі. Купала. Шырокі розгалас здабудуць гэтыя крылатыя словы, нібы выдыхнутыя адным сэрцам. Лужанін.
ро́згляды, ‑аў; адз. няма.
Разм. Дзеянне паводле дзеясл. разглядаць — разгледзець (у 1 знач.).
ро́здум, ‑у, м.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. раздумваць; паглыбленасць у свае думкі. Роздум над кнігай. □ Аддаўшыся роздуму, Іван ішоў спорна, таропка і не прыкмячаў часу. Быкаў. Неўзабаве .. [Максіму], пасля кароткага роздуму, прыйшла геніяльная думка. Брыль. Малады здаровы сон прыйшоў сам сабой, заглушыў непрыемныя роздумы. Шыцік.
ро́здумнасць, ‑і, ж.
Схільнасць да роздуму; роздум. Асабліва ўзмацніліся ў зборніку «Тры цішыні» тыя роздумнасць і філасафічнасць, якія ў першай кнізе [А. Вярцінскага] досыць выразна адчуваліся толькі ў лічаных творах. Бугаёў.
ро́зна,
1. Прысл. да розны.
2. Не разам, асобна. [Сымон:] — Мы разойдземся. Дарогі нашы розна павязуць. Колас.