Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рабава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад рабаваць.

2. у знач. прым. Набыты рабаваннем; граблены. Рабаванае дабро.

рабава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі рабы; з невялікім рабаціннем. Позірк Паходні затрымаўся на рабаватым твары маладога трактарыста. Хадкевіч.

рабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак., каго-што і без дап.

1. Сілай, разбоем забіраць у каго‑н. што‑н.; грабіць. У навакольныя вёскі наязджалі карнікі: лавілі лепшых савецкіх людзей і рабавалі набытак. Брыль. У лясах бадзяліся банды, рабавалі людзей, палілі хаты актывістаў. С. Александровіч. [Белапалякі] гойсаюць на конях, рабуюць, катуюць. Нікановіч.

2. Разараць падаткамі, паборамі.

раба́к, ‑а, м.

Разм. Гліст. [Бабулька:] — Ды замоўкніце вы са сваімі літаннямі. Яны тут зусім не патрэбны. У яго рабакі. Дайце яму бярозавага дзёгцю. Ад сэрца і адыдзе. Дубоўка.

рабале́пнасць, ‑і, ж.

Рабскае нізкапаклонства; рабалепства. Рабалепнасць прыніжае людзей.

рабале́пны, ‑ая, ‑ае.

Якому ўласціва рабалепнасць. Рабалепнае пакланенне. Рабалепны чалавек.

рабале́пства, ‑а, н.

Рабскае нізкапаклонства. [Загорскі] пагарджаў суседзямі.. Пагарджае .. рабалепствам і поўзаннем перад моцнымі. Караткевіч.

рабале́пстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

Весці сябе рабалепна, па-рабску перад кім‑н. Калі Мікіта Лазун ненавідзіць беднату, то ў адносінах да багатых ён гатовы рабалепстваваць, уніжацца. Хромчанка.

раба́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Вузкая градка кветак уздоўж паркавых дарожак, навокал клумб і інш.

[Ням. Rabatte.]

рабаўлада́льнік, ‑а, м.

У рабаўладальніцкім грамадстве — прадстаўнік пануючага класа, які валодае ўсімі сродкамі вытворчасці і рабамі.