Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

брыжа́сты, ‑ая, ‑ае.

З брыжамі. // Які мае край, падобны на брыжы. Справа, як затока, выступала цёмная брыжастая сцяна бору. Якімовіч.

брыжы́, ‑оў; адз. няма.

Вузкая палоска тканіны, сабраная ў зборачкі, якой аздабляюць адзенне і інш. Тут ёсць абрус яе [Марынінай] работы З брыжамі белымі, як снег. Колас. // Тое, што сваёй формай нагадвае карункі. На рэчцы ледзяныя брыжы пачалі адставаць ад берагоў. Броўка. Цёмнымі лахматымі брыжамі абкідалі поле маладыя лясы-хвойнічкі. Гартны.

брыз, ‑у, м.

Слабы вецер, які дзьме днём з мора на бераг, а ноччу — з берага на мора.

[Фр. brise.]

брыза́нтны, ‑ая, ‑ае.

Здольны драбіць прадметы пры выбуху; разрыўны. Брызантны снарад. Брызантнае рэчыва.

[Фр. brisant.]

брызглі́на, ‑ы, ж.

Кустовая расліна сямейства брызглінавых, якая ўтрымлівае ў сабе гутаперчу. Сям-там па лугавых грудах раскідаліся бародкі-кудзеркі астраўкоў, дзе буяў малады, сакавіты дубняк, кусты арэшніку, брызгліны, чаромхі і крушыны. Колас.

брызглі́навы, ‑ая, ‑ае.

1. Які адносіцца да брызгліны. Брызглінавы куст.

2. у знач. наз. брызглі́навыя, ‑ых. Сямейства двухдольных раздзельнапялёсткавых раслін, да якога адносяцца розныя віды брызглін.

брызе́нт, ‑у, М ‑нце, м.

Грубая непрамакальная парусіна. Толя сядзіць на носе чайкі і на ўзбраенні яго — доўгі, лёгенькі шост і «іжаўка» дзядзькі Антося, якая ляжыць на брызенце плашч-палаткі. Брыль. Усцяж па шашы, што вяла на Оршу, стаялі аўтамашыны, прыкрытыя брызентам. Шчарбатаў.

[Ад гал. presenning.]

брызе́нтавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да брызенту. // Зроблены з брызенту. Неўзабаве ў кантору да нас зайшоў чалавек у паношанай брызентавай спяцоўцы і падаў Собічу патрабаванне на кісларод. Скрыган.

брызянто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Разм. Плашч або накідка, пашытыя з брызенту. Цяпер у сваёй размаляванай брызянтоўцы Косця стаяў на рыштаваннях і малатком абіваў сцяну, дзе паадставала старая тынкоўка. Вітка.

брык, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца ў значэнні дзеяслова бры́кнуць, бры́кнуцца і брыкну́ць.