бра́згацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Тое, што і бразгаць; стукацца. Бразгацца ў дзверы. □ [Лях:] — Садзіцеся на той канец, у нос. Тут я сам буду, — і ён пачаў бразгацца каля палка з ланцугом. Лобан.
бра́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Утвараць кароткія звонкія гукі, удараючы чым‑н. па металічных, шкляных і інш. прадметах. За плячыма ў Даражкова была скрынка з інструментам; там бразгалі адно аб адно гаечныя ключы, балты, кастылі. Васілёнак. // чым. Рабіць, выклікаць шум, гукі ўдарамі металічных або шкляных і інш. прадметаў аб што‑н. Нехта ідзе да дзвярэй хаты Рудзінскіх і бразгае клямкаю. Скрыган. У кухні засталася адна маці — яна яшчэ доўга там бразгала посудам. Хадкевіч.
•••
Бразгаць зброяй — пагражаць вайною.
бразго́тка, ‑і. ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Разм.
1. Дзіцячая цацка, пры ўзмахванні якой утвараецца бразгат, шум. Дзікавіцкі, чакаючы абеду, сядзеў на рагу стала з ўнукам на каленях, які прытанцоўваў і стукаў бразготкай то аб стол, то па галаве дзеду. Дуброўскі.
2. толькі мн. (бразго́ткі, ‑так). Бомы, званочкі. Чуецца ржанне коней, звон бразготак і музыка. Козел. Не відаць было зухаватых «братоў», пралятаючых з форсам, з бразготкамі на падбадзёраным цуглямі і пугай кані. Крапіва.
3. Невялікі прадмет, які з’яўляецца аздобай. Пецька — піжон. Тыдзень есці не будзе, а бразготку ўпадабаную купіць. Мехаў. [Галя:] — А што гэта такое? Бразготкі нейкія? [Міход:] — Добрыя бразготкі. Гэта ж золата... Сабаленка.
4. Спецыяльная прылада для ўтварэння гукаў, падобных на трэск; трашчотка.
бразгу́чы, ‑ая, ‑ае.
Які можа бразгатаць. Браў бубен я бразгучы, плоскі. Каб адагнаць і боль і страх, Я так лупіў, што адгалоскі Звіняць дагэтуль у вушах. Грачанікаў.
бразджа́ць, ‑джу, ‑джыш, ‑джыць; незак.
Тое, што і бразгатаць.
бразі́льскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Бразіліі, бразільцаў, які належыць, уласцівы ім.
бразі́льцы, ‑аў; адз. бразілец, ‑льца, м.; бразільянка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. бразільянкі, ‑нак; ж.
Народ, які складае асноўнае насельніцтва Бразіліі.
бра́знуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм. Моцна, з сілай упасці; грымнуцца, грукнуцца. Бразнуцца вобземлю.