Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

белако́ры, ‑ая, ‑ае.

З белай карой. Над Абалянкаю сяло, дзе белакорая, адна, як ветразь ранніх зім і лет, стаіць бярозка ля акна, з якога мне адкрыўся свет. Вялюгін.

белакро́ўе, ‑я, н.

Захворванне сістэмы крывятворных органаў; лейкемія.

белакры́лы, ‑ая, ‑ае.

З белымі крыламі. І вось з шалёнай сілаю Пад сонцам залатым Галубка белакрылая Ляціць, ляціць за ім. Хведаровіч.

белаку́дранік, ‑у, м.

Шматгадовая травяністая ці кустовая расліна сямейства губакветных з белымі, блакітна-ружовымі або чырвона-фіялетавымі кветкамі; выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне.

белаку́ры, ‑ая, ‑ае.

З светлымі валасамі. Высокі белакуры мужчына ў блакітнай тэнісцы запрасіў нас у сваю каюту. Грахоўскі. // Светларусы (пра валасы).

белалі́сты, ‑ая, ‑ае.

Пра расліну, у якой лісце з белым адлівам. Белалістая таполя.

белало́бы, ‑ая, ‑ае.

З белым ілбом; з белай плямай на лбе. Белалобаю .. [карову] празвалі за вялікую белую пляму на лбе. Шуцько.

белано́гі, ‑ая, ‑ае.

З белымі нагамі. Капытамі білі коні — Беланогія ганцы... Глебка. / у перан. ужыв. Беланогія бярозы Падышлі да ручая, Расчасалі свае косы, Паплылі б, калі б не я. Гаўрусёў.

белапаля́кі, ‑аў; адз. белапаляк, ‑а, м.

Гіст. Польскія легіёны, якія ў 1918 г. выступілі супраць Савецкай улады на тэрыторыі Беларусі, а таксама ўзброеныя сілы буржуазна-памешчыцкай Польшчы ў вайне супраць Савецкай Расіі ў 1919–1920 гг.

белапа́нскі, ‑ая, ‑ае.

У выразе: белапанская Польшча — неафіцыйная назва буржуазна-памешчыцкай Польшчы 1918–1939 гг.