бе́жанка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да бежанец.
бе́жанскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бежанцаў. Рыпучыя колы бежанскай фурманкі мелюць жарству дарогі, якая вядзе немаведама куды. Сабаленка.
бе́жанства, ‑а, н.
Вымушанае пакіданне родных мясцін на час вайны. Алене ўспомнілася маленства, якое таксама пачалося бежанствам. Сабаленка. Ужо вось трэці дзень, як.. [Андрэй] з сям’ёю вярнуўся з бежанства. Пестрак.
без, прыназ. з Р.
Спалучэнне з прыназ. «без» выражае:
Азначальныя адносіны
1. Пры апісанні прадмета (з’явы, паняцця) для ўказання на адсутнасць у ім часовай або пастаяннай прыметы, выражанай назоўнікам роднага склону. Лес без канца і краю. Работа без прымусу. □ А што гэта за даліна ды без рэха, А зялёная ляшчына без арэхаў, Ручаіна без жывой-крутой вадзіцы, Лугавіна без духмянай медуніцы. Танк.
2. Пры словах, якія абазначаюць меру або колькасць, паказвае, колькі не хапае да поўнай меры. Без чвэрці гадзіна. Без малога год. Кілаграм без дзесяці грамаў. □ Роўна без дваццаці восем вечара.. пачуўся громкі голас. Колас.
Аб’ектныя адносіны
3. Паказвае, што дзеянне адбываецца пры адсутнасці, без удзелу каго‑, чаго‑н. Працаваць без машын. □ Найбольш складаная і адказная частка работы зроблена без Міхася. Брыль.
4. Адпавядае словам: акрамя, за выключэннем, не лічачы. Ганна хутчэй зачыніла дзверы за сабой — і без таго маркотна, хоць ты плач. Мележ.
Акалічнасныя адносіны
5. З некаторымі назоўнікамі ўтварае прыслоўныя спалучэнні, якія выражаюць спосаб дзеяння і інш. акалічнасці. Завянуць без пары. Ссохнуць без вады. Прабірацца без шуму. □ Мікалай Патапавіч .. даваў парады хоць і без ахвоты, але шчыра. Кулакоўскі.
•••
Без жартаў гл. жарт.
Не без гэтага — і гэта бывае.
Не без таго — бывае і так.
Не без чаго — тое, што і з чым‑н., але з меншай ступенню сцверджання.
без... (а таксама без’... і бес...; у першым складзе перад націскам бяз..., бяз’..., бяс...), прыстаўка.
Служыць для ўтварэння: 1) прыметнікаў ад назоўнікаў у значэнні: пазбаўлены чаго‑н., які не мае чаго‑н., напрыклад: безадказны, безагаворачны, беззаганны, беззямельны; 2) назоўнікаў з канчаткамі ‑е, ‑а або суфіксам ‑асць, якія азначаюць адсутнасць або недахоп чаго‑н., напрыклад: безграшоўе, бездарожжа, беззямелле, безадказнасць, безуважнасць.
без’..., прыстаўка (гл. без...).
Ужываецца замест «без...» перад ётавымі галоснымі: «е», «ё», «ю», «я», напрыклад: без’языкі.
безабаро́ннасць, ‑і, ж.
Няздольнасць абараніць сябе, пастаяць за сябе; адсутнасць сродкаў самаабароны.
безабаро́нны, ‑ая, ‑ае.
Няздольны абараніць сябе, пастаяць за сябе, пазбаўлены абароны. І хлапчук нечакана адчуў сябе такім безабаронным, маленькім і кволым перад гэтай вялікай ноччу, гэтым лесам. Вышынскі.
безаблі́чнасць, ‑і, ж.
Адсутнасць, недахоп індывідуальных рыс.
безаблі́чны, ‑ая, ‑ае.
Пазбаўлены своеасаблівасці, індывідуальнасці, характэрных прыкмет. Безаблічная істота. Безаблічная маса. Безаблічны герой.