Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аднасе́лец, ‑льца, м.

Разм. Жыхар або ўраджэнец сяла ў дачыненні да каго‑н. з гэтага ж сяла. Тодар.., астаўшыся ад усіх сваіх аднасельцаў, упрасіў прыёмшчыка не пакідаць яго аднаго з жытам назаўтра. Чорны.

аднасі́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае магутнасць роўную адной конскай сіле. Аднасільны матор.

аднасі́ць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак., што.

1. Пранасіць пэўны час вопратку, абутак.

2. Скончыць, пакінуць насіць ранейшую вопратку, абутак.

аднаскладо́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць аднаскладовага. Аднаскладовасць слова.

аднаскладо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае ў сабе адзін склад (пра слова).

аднасло́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з аднаго слова. Аднаслоўная каманда. Аднаслоўны адказ.

аднаспа́льны, ‑ая, ‑ае.

Разлічаны для; спання аднаму чалавеку.

аднаста́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць аднастайнага.

аднаста́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Аднолькавы, нязменлівы на ўсім працягу. Тут была вялікая тэрыторыя, аднастайная сваёй прыродай. Чорны. Магло здацца, што ні моладзь, якая тут сабралася, нічога больш не ўмела скакаць, ні музыка — іграць, акрамя гэтай аднастайнай полькі. Лобан. Поезд ішоў сваёй аднастайнай хадою. Пестрак.

2. Які выяўляецца ў аднолькавым гучанні; манатонны. А яшчэ запомніўся мне аднастайны і роўны шум пушчы, што стаяла ўся ў красе асенняга золата. Краўчанка. Спачатку.. [Антонік] не мог разабраць ні аднаго слова, галасы зліваліся ў аднастайны гул. Мележ.

3. Аднародны паводле складу, будовы. Глеба з аднастайнай структурай.

4. Падобны адзін на адзін; зроблены на адзін узор. Тоўстым пластом лёг на саламяных стрэхах снег і, здаецца, яшчэ ніжэй прыгінае да зямлі старасвецкія будынкі, шэрыя, нізкія, аднастайныя. Колас.

аднастані́чнік, ‑а, м.

Той, хто родам з адной з кім‑н. станіцы, жыве або жыў з кім‑н. у адной станіцы.