Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аднапавярхо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адзін паверх. Драўляны аднапавярховы дом.. стаяў уздоўж левага краю двара, вокнамі да сонца. Нядзведскі.

аднапакаёвы, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з аднаго пакоя. Аднапакаёвая кватэра.

аднапала́тны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з адной заканадаўчай палаты. Аднапалатная парламенцкая сістэма.

аднапа́лубны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адну палубу. Аднапалубнае судна.

аднапалча́нін, ‑а; мн. ‑чане, ‑чан; м.

Той, хто служыць ці служыў у адным палку з кім‑н. Паслухаў бы, як там [у Гдыні] шуміць прыбой, Як несціхана шалясціць галлісты Магутны бук па-над магілай іх — Аднапалчан-таварышаў маіх. Зарыцкі.

аднапа́льцы, ‑ая, ‑ае.

Які мае на руцэ, назе, лапе адзін палец. Аднапальцыя жывёлы.

аднапарты́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае толькі адну палітычную партыю. Аднапартыйная сістэма.

аднапла́навы, ‑ая, ‑ае.

Аднаго плану, аднаго падыходу, адналінейны; адной філасофскай канцэпцыі. Разнапланавасць таго ці іншага акцёра часам ідзе ад тэатра, якому трэба пашыраць рэпертуар, а найчасцей ад рэжысёра, які не хоча затрымліваць артыста на аднапланавых ролях. «Беларусь».

аднапле́чы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адно плячо. Аднаплечы рычаг.

аднапляме́ннік, ‑а, м.

Той, хто належыць да аднаго з кім‑н. племя.