лясні́чыха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.
Жонка ляснічага.
ля́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм. Моцна стукнуцца чым‑н. аб што‑н. Шолам адляцеў ад яблыні і ляснуўся патыліцай аб калодку. Корбан.
ля́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Аднакр. да ляскаць.
2. каго і па чым. Нанесці ўдар рукой па твары, целе. Ступіўшы крок наперад, Лена раптам штосілы ляснула Віктара па шчацэ. Ваданосаў.
3. перан. Разм. Прапасці марна; загінуць, згінуць. [Рахункавод:] — Дарэмная праца — усё пойдзе ў кастрыцу.. Столькі дабра і працы ляснула! Столькі надзей! Васілевіч. Дарма немцы спраўлялі ўрачыстасць.. Чыгуначны мост .. зноў узляцеў у паветра. Ды так, што ляснуў цэлы эшалон з жывой сілай і ўзбраеннем. Сабаленка. — Скора [зімняя] дарога зусім лясне, калі мароз не падхопіцца, — зазначыў Андрэй. Чарнышэвіч.
лясны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да лесу, уласцівы яму. У лясным гушчары пануе спрадвечны змрок і цішыня. М. Ткачоў. Паглядае восень слёзна З засені лясной. Прыходзька. // Які жыве, расце ў лесе. Лясныя звяры. Лясныя кветкі. // Які знаходзіцца, размешчаны ў лесе. Лясная паляна. Лясное возера. □ Ішоў дзед Талаш не спяшаючыся, выбіраючы глухія лясныя сцежкі. Колас. // Багаты лесам; лясісты. Колькі раздолля ты дорыш жыццю, Край мой узгоркавы, край мой лясны! Гілевіч. // Прызначаны для работы ў лесе. Лясны плуг. Лясная сеялка.
2. Які мае адносіны да лесаводства: звязаны з лесаводствам і эксплуатацыяй лесу. Лясны экспарт. Лясныя матэрыялы.
лясо́к, ‑ска, м.
Памянш.-ласк. да лес (у 1 знач.): невялікі лес.
лясу́н, лесуна, м.
У славянскай міфалогіі — жыхар лесу, лясны дух. Міжвольна прыгадаліся страшныя казкі пра чарцей, лесуноў і ведзьмаў... Ваданосаў.
ля́сы,
У выразе: лясы тачыць гл. тачыць.
лясь, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца ў значэнні дзеяслова ляскаць, ляснуць. Лясь, лясь... Гэта рыдлёўка дзяўбе жвір, дзяўбе каменне, падкідае яго ўгору з ямы. Пташнікаў.
лята́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лятання. Лятальная здольнасць птушак. // Які служыць, прыстасаваны для лятання. Лятальны апарат.
лята́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. лятаць.