Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ляпны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да лепкі. Ляпная работа. // Зроблены з дапамогай лепкі; з вылепленымі ўпрыгожваннямі. Ляпныя арнаменты. Ляпны карніз.

ля́псус, ‑у, м.

Грубая, недарэчная памылка.

[Лац. lapsus — падзенне, няправільны крок.]

ля́рва, ‑ы, ж.

Разм. груб. Грубая, гультаяватая жанчына. Падскочыў злосна да Данілы. — Холера, з лярвы ты байструк! — Схапіў за чуб ды ў сцяну стук! Такі прыём быў у Гедвілы. Колас.

лярд, ‑у, М ‑дзе, м.

Топленае свіное сала.

[Англ. lard.]

лясга́с, ‑а, м.

Лясная савецкая гаспадарка, прадпрыемства, якое займаецца ўлікам і выкарыстаннем ляснога фонду, развядзеннем лесу і пад.

лясга́саўскі, ‑ае.

Які мае адносіны да лясгаса, належыць яму.

лясі́на, ‑ы, ж.

Разм. Адно дрэва. Селянін добра ведае і характар і прыдатнасць у гаспадарцы кожнай лясіны. Навуменка. // зб. Ссечаныя дрэвы як лесаматэрыял. Сплаў лясіны карабельнай Пачыналі на рацэ. А. Александровіч.

лясі́стасць, ‑і, ж.

Адносіны паверхні, засеянай лесам, да агульнай паверхні данай мясцовасці; наяўнасць лесу.

лясі́сты, ‑ая, ‑ае.

Які густа зарос лесам; багаты лесам. Лясістыя берагі. Лясісты раён. □ За фермай, як вокам кінуць, цягнуліся лясістыя ўзгоркі, якія падступалі да самых гор. Лынькоў.

ляск, ‑у, м.

1. Звонкі гук, які ўтвараецца ад удару металічнымі прадметамі аб метал або камень. З ляскам, цяжкім гулам плылі, абганяючы мяне, вагоны. Радкевіч. Змоўк бульдозераў ляск па раскопаных поймах. Звонак.

2. Рэзкі сухі гук пры ўдары, сутыкненні. Чуе Янка ляск пугі, бачыць успацелых коней. Бядуля.