ля́сканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ляскаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. На пустой шашы, з боку панскага палаца, пачулася лясканне конскіх падкоў. Стаховіч.
ля́скат, ‑у, М ‑каце, м.
Дзеянне паводле дзеясл. ляскаць (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. З ляскатам падыходзіць браняпоезд, шэры, важкі, з дуламі гармат, з кулямётамі. Мележ. Я затыкала вушы, каб не чуць ляскату бізуноў і шомпалаў. Бядуля.
ляската́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ляскатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. [З будаўніцтва] далятаў да нас густы гул матораў і ляскатанне жалеза. Хадкевіч.
ляската́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.
Утвараць дробны перарывісты стук. Ззаду грымелі, разрываючыся, снарады і густа, з пераборамі, ляскаталі кулямёты. Галавач. Зубы .. [чалавека] ляскаталі, усё цела калацілася. Гарэцкі.
ляскаце́ць, ‑качу, ‑каціш, ‑каціць; незак.
Тое, што і ляскатаць. Старшыня ўстае і ляскаціць сваёю лінейкаю. Мурашка. На гасцінцы раз-пораз ляскацелі колы. Чорны.
ля́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Утвараць ляск. Ляскаць пугай. □ Гудзелі маторы, ляскала жалеза, галасіста разразалі марознае паветра паравозныя гудкі. Шамякін. У хлявах гучна ляскаюць церніцы. Сачанка.
2. Разм. Біць у далоні, далонню; пляскаць. [Дзед] у такт танца ляскаў у далоні і прыгаварваў: — Гоп-гоп, Насцечка. Чорны. Калі Гудок закончыў [гаварыць], яму ляскалі ў далоні гэтак жа гучна, як Платону Іванавічу. Навуменка.
•••
Зубамі ляскаць — дрыжаць, калаціцца ад холаду, страху і пад.
ляско́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Прыстасаванне, пры дапамозе якога ўтвараецца дробны, перарывісты стук; бразготка (у 4 знач.). Набралі загоншчыкі трашчотак, ляскотак, свісткоў і пайшлі ў абход некалькіх лясных кварталаў. Пальчэўскі.
лясні́к, лесніка, м.
Даглядчык, вартаўнік лесу. Раней .. [Савел Іванавіч] працаваў лесніком, аддаў лесу ледзь не ўсё жыццё, зараз на пенсіі. Хомчанка.
лясні́цтва, ‑а, н.
Участак лесу як гаспадарчая адзінка, а таксама ўпраўленне, якое ведае гэтым лясным участкам. // Гаспадарчыя будынкі, у якіх размяшчаецца ўпраўленне лясным участкам. Каля самага бору туліліся старыя будынкі лясніцтва — кантора, хаты ляснічага, лесніка, канюшня. Шамякін.
лясні́чы, ‑ага, м.
Загадчык лясніцтва, спецыяліст па лясной гаспадарцы.