ляка́льшчык, ‑а, м.
Слесар па апрацоўцы дэталей крывалінейнага профіля з дапамогай лякал (у 2 знач.).
ляка́рства, ‑а, н.
Рэчыва, прэпарат для лячэння ці папярэджання хваробы. Лякарства ад прастуды. □ [Доктар:] — Паправіцеся, нічога страшнага няма. Я выпішу лякарства. Асіпенка. // перан. Тое, што памагае перажыць якое‑н. няшчасце, забыць што‑н. непрыемнае і пад. І хоць .. спагада была выказана без асаблівай ласкі, для дзядзькі Харытона яна — самае неабходнае і пажаданае лякарства. Бажко. Шырокая музыка лесу, дарог, самалётаў — ад стомы, сумненняў заўжды для мяне як лякарства. Рудкоўскі.
ляка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Абл. Палохацца, пужацца. — Ты толькі, дзядзька, не лякайся — то ўсё будзе добра, — супакойваў .. [Васіль] Хлора. Гартны. [Лота] лякалася званкоў тэлефона, дзвярнога званочка. Гарбук.
ля́лечнік, ‑а, м.
1. Майстар, які робіць лялькі.
2. Разм. Акцёр або рэжысёр лялечнага тэатра.
ля́лечніца, ‑ы, ж.
Жан. да лялечнік (у 1 знач.).
ля́лечны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да лялькі. // У якім дзейнічаюць лялькі. Лялечны тэатр.
2. перан. Маленькі, менш звычайнага памеру. Наташа спачатку пачула гудок, потым ужо ўбачыла белы лялечны параход. Асіпенка.
ля́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
1. Дзіцячая цацка ў выглядзе фігуркі чалавека. Гуляць у лялькі. □ Дзеці бегалі, крычалі, складалі з кубікаў розныя хітрыя і няхітрыя пабудовы, вазілі ў аўтамабілях лялек. Якімовіч. Як маленькую сяброўку, Ляльку любіць Каця: То расчэша ёй галоўку, То памые плацце. А. Александровіч. // Макет фігуры чалавека ці жывёлы для тэатральных прадстаўленняў, ігрышч і пад. Тэатр лялек.
2. Разм. Пра каго‑, што‑н. вельмі прыгожае, прывабнае па свайму знешняму выгляду. Шалёўка .. ўсюды, пафарбаваныя дзверы, вокны, аканіцы — лялька, а не хата стаіць... Васілевіч. Праз тыдзень Кабінет прасторны Лялькай стаў. Корбан.
•••
Як лялька — прыгожы, зграбны, прывабны. [Сабастыяніха:] — Дзяўчына, як лялька, адно паглядзець на яе. Чорны. Дамок быў трэці ад ракі з правага боку, абшаляваны і пафарбаваны. Як лялька дамок. Лобан.
ля́мант, ‑у, М ‑нце, м.
Адчайны, немы крык як праяўленне жаху, як кліч на дапамогу. Таўчэ дзік лычам мяне ў спіну, а рваць не рве. Апамятаўся я і нарабіў ляманту. Пальчэўскі. Касцы на лузе ўзнялі лямант. Язэп .. кінуўся на дапамогу. Нырнуў раз — не знайшоў малога. Ваданосаў. // Моцны працяглы плач, крык, брэх. А можа толькі так здалося? О, не! Не плач, а лямант, енк. Чыё там сэрца так галосіць? Так чалавек не плакаў век. Пушча. Праляталі нізка альбатросы, Узнімалі чайкі лямант дзікі. Звонак. [Сабачка] чуў нас за кіламетр і узнімаў такі лямант, што мы не ведалі, куды дзявацца. Шамякін.