лямантава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. лямантаваць.
лямантава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.
1. Моцна і працягла крычаць. — Ура, Таня! Ура! — лямантавалі дзяўчынкі, бегаючы па беразе. Скрыпка. — Лаві, лаві яго [зайца]! — лямантавалі хлопчыкі. Рылько. /Пра жывёл, птушак. Раз’юшаны сабака лямантаваў на падворку. Арочка.
2. Галасіць па кім‑н., над кім‑н.; моцна плакаць. Уся ў слязах, маці білася галавою аб падушку і лямантавала, як па нябожчыку. Карпаў. Бацька мой — у слёзы, крычаць гвалту, выбег на вуліцу, лямантуе. Гарэцкі.
ля́мачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лямкі.
лямбліёз, ‑у, м.
Захворванне органаў стрававання чалавека, якое выклікаецца лямбліямі.
ля́мблія, ‑і, ж.
Паразітычны арганізм класа жгуцікавых, які выклікае страўнікава-кішэчныя захворванні.
[Лац. lamblia.]
ля́мец, ‑мцу, м.
Тоўсты, шчыльны матэрыял, звалены з шэрсці, воўны. Абабіць дзверы лямцам. Падшыць валёнкі лямцам.
ляме́ш, лемяша, м.
Частка плуга, якая падразае пласт зямлі знізу. Лямеш глыбока нырнуў у зямлю, выварочваючы яе набок. Гартны. Баразна вылузвалася з-пад лемяша, бегла за плугам, цьмяна пабліскваючы на сонцы. Капыловіч.
ляме́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; ж.
Абл. Рэдкая каша з мукі з маслам ці салам. Кармілі звычайнай лямешкай, што складалася толькі з вады і мукі, без усялякай прыправы. Няхай.
ляме́шны, ‑ая, ‑ае.
Які мае лемяшы, з лемяшамі. Лямешныя плугі-лушчыльнікі.
ля́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
Шырокі рэмень са скуры ці моцнай тканіны, які перакідваецца цераз плячо пры перацягванні, пераносцы грузу і інш. Бурлацкая лямка. □ Ісці было цяжка. Лямкі рэзалі плечы, а рэчавы мяшок спаўзаў на левы бок. Асіпенка. Мікола памог адвязаць лямкі, сабраць коўзкі і халодны шоўк парашута. Новікаў.
•••
Цягнуць лямку гл. цягнуць.