Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

любі́цельскі, ‑ая, ‑ае.

Які выконваецца любіцелямі; уласцівы ім. Любіцельскія фатаграфіі. Любіцельскі тэатр.

любі́цельства, ‑а, н.

Занятак любіцеля, любіцелей; аматарства.

любі́цца, люблюся, любішся, любіцца; незак.

Разм.

1. Любіць адно аднаго. [Агей:] — Як жаніўся, не хацела дзеўка замуж ісці, хоць і любіліся з ёю. Галавач. Аленка ведала, што часамі хлопцы і дзяўчаты любяцца, што ёсць на свеце каханне. Колас.

2. безас. Аб магчымасці, жаданні любіць. Будзьце [людзі] прасцей, будзьце прасцей, Пакуль любіцца. Кірэенка.

любі́ць, люблю, любіш, любіць; незак., каго-што.

1. Адчуваць глыбокую адданасць, прыхільнасць да каго‑, чаго‑н., быць адданым каму‑, чаму‑н. Любіць радзіму. Любіць сваіх дзяцей. □ Люблю цябе, край волатаў. Бядуля. А харошы ўсё ж бацька... Трошкі пабойваўся яго Міколка, а любіў яшчэ болей. Лынькоў. // Адчуваць сімпатыю, павагу да каго‑н. У нас усе Ладымера Стальмаховіча любяць і шануюць. Чорны. У атрадзе ўсе .. [Валю] ведалі і любілі. Якімовіч.

2. Адчуваць сардэчную прыхільнасць да асобы другога полу; кахаць. [Марыля:] — Люблю я Рыгора, ён верны мне, Чакаць яго буду да смерці... А. Александровіч.

3. Мець цягу, цікавасць да чаго‑н. Любіць музыку. □ Змалку прывучыў .. [Сёмку] бацька хадзіць каля зямлі, любіць яе і даглядаць. Гартны. // Адчуваць задавальненне ад сузірання, адчування чаго‑н. Між іншым, Я сам люблю прыход вясны — Малочнае цвіценне вішань, І спеў драздоў, і шум лясны. Панчанка. // і з інф. Быць схільным да чаго‑н., аддаваць перавагу чаму‑н. [Ярохін] быў здаровы чалавек і, як усе здаровыя, любіў добра паесці. Шамякін. Нашы старыя людзі любяць пагаварыць! Чорны. // з дадан. сказам. Быць задаволеным чым‑н., адчуваць задавальненне ад чаго‑н. Дзед любіць, калі яго хто доўга слухае. Лынькоў.

4. Патрабаваць якіх‑н. умоў як найбольш спрыяльных для існавання, росту і пад. [Лістоўніца] любіць чорную камяністую глебу. Маўр. [Вера:] — Куліку і балота родны дом. На полі яму не жыць. А жаўрук раздолле любіць. Асіпенка.

лю́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Разм. Ласкавы зварот да жанчыны, дзяўчыны. — Я, любка, мужчын наскрозь бачу. Мележ.

любо́ў, ‑бові і ‑бві, ж.

1. Пачуццё глыбокай прыхільнасці да каго‑, чаго‑н., адданасці каму‑, чаму‑н. Любоў да радзімы. □ Нарадзілася д[а]чка, і сэрца загарэлася новым пачуццём.. самай моцнай любві — любові маці. Дуброўскі. // Пачуццё прыхільнасці, сімпатыі да каго‑н. Творы Максіма Танка карыстаюцца заслужанай любоўю чытача, бо напісаны яны ад сэрца. Шкраба.

2. Пачуццё гарачай сардэчнай прыхільнасці да асобы другога полу; каханне. Вось так прыходзіць першая любоў, Нібы паводка, бурна, нечакана. Свірка. Не знайсці мне спакою ні цёмнаю ноччу, ні днём, Бо любоў мяне мучыць і паліць пякельным агнём. Багдановіч. / Пра чалавека, які выклікае гэта пачуццё. Вось і любоў твая ідзе.

3. Цікавасць, схільнасць, цяга да чаго‑н. Любоў да педагагічнай справы. Любоў да мастацкага слова.

любо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да любві (у 2 знач.). Любоўнае пісьмо. Любоўная сцэна. Любоўная лірыка.

2. Вельмі ўважлівы, клапатлівы, беражлівы. Любоўныя адносіны да справы.

любо́шчы, ‑аў; адз. няма.

Разм. Любоўныя адносіны. Праз які час, калі астылі любошчы, .. [Адэля з Казюком] ужо размаўлялі аб тым, што іх непакоіла сёння. Броўка.

лю́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае пачуццё любві, карыстаецца любоўю; блізкі, дарагі, мілы сэрцу. І кінуўся з кручы ў бяздонне юнак Следам за любай дзяўчынай. Свірка. Мне любы стэп шырокі І водар сенажаці, Як быццам тут радзіла Мяне калісьці маці. Куляшоў. Перад .. [Уладзікам] засвяціліся матчыны вочы — любыя, пакутлівыя і грозныя. Бядуля.

2. у знач. наз. лю́бы, ‑ага, м.; лю́бая, ‑ай, ж. Той (тая), каго любяць. Алімпа не ўяўляла сабе, як яна хоць на час расстанецца з любым. Сабаленка. // (пры ветлівым звароце). Мілы, родны. Не палохайся іх, любы, быў вялікі бой. Біў жалезных душагубаў смела бацька твой. Вялюгін.

любы́, ‑а́я, ‑о́е.

1. Кожны, усякі. А хлопцы, дык хлопцы — гвардзеец любы! Колас. Гітлераўцы любымі сіламі намагаліся сарваць пераправу. Шамякін. // у знач. наз. любы́, ‑о́га, м.; люба́я, ‑о́й, ж. Усякі, кожны чалавек. [Вадзіцель:] — Спытай у любога, дзе Косцік-шафёр жыве, табе кожны пакажа. Васілевіч.

2. Які хочаш (на выбар). [Кісялёў:] — Звані ў любы час, не даб’ешся нічога ў аддзеле, звані да мяне на кватэру. Чарнышэвіч. // у знач. наз. любы́, ‑о́га, м.; любо́е, ‑о́га, н. Каго ці што хочаш. — Ого! У цябе.. [трусоў] тут цэлая ферма! — здзіўлена ўсклікнуў Мікола.. — Выбірай любога, — сказаў Віця, — і саджай у кошык. Скрыпка.

лю́бячы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад любіць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Поўны любві, любасці; які любіць. Любячая маці.

3. Дзеепрысл. незак. ад любіць.