Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

льняны́,

гл. ільняны.

льсні́цца,

гл. ільсніцца.

лья́насы, ‑аў; адз. няма.

Раўніны ў Паўднёвай Амерыцы, пакрытыя травяністай расліннасцю.

[Ісп. llanos, ад llano — раўніна.]

лэ́дзі,

Даўней — тытул англійскай каралевы. // Жонка лорда, а таксама замужняя жанчына ў арыстакратычным асяроддзі Англіі.

[Англ. lady.]

лэ́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Разм. Лапаць, мацаць. [Платон] выпрастаўся і мітусліва пачаў лэпаць сябе па кішэнях, намацваючы цвікі. Ракітны.

лю́ба,

1. прысл. Міла, з любоўю. Бохан хлеба ляжаў на канцы доўгага, няшчыльна збітага з дошчак стала, падпёртага скрыжаванымі ножкамі, па-хатняму люба накрыты, замест настольніка, ручніком. Брыль.

2. безас. у знач. вык., звычайна з інф. Прыемна, падабаецца; па сэрцу. Люба слухаць. Люба жыць. □ Гарыць работа, і хусцінка, Нібы матыль які жывы, З яе спаўзае галавы, І люба глянуць на Жарынку. Колас.

любава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. любавацца.

любава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; заг. любуйся; незак., кім-чым і на каго-што.

Разглядваць каго‑, што‑н. з захапленнем, задавальненнем. Маша часта ў апошні час любавалася .. [Алесяй] і думала: «Якая яна раптам стала прыгожая!». Шамякін. Мы часта любуемся Месяцам, падоўгу ў ясныя ночы назіраем за ім. Гамолка. // Адчуваць задавальненне, захапленне, наглядаючы чыю‑н. дзейнасць, учынкі. І каб толькі не ворагі — жыць бы нам ды пажываць, на працу сваю любавацца. Лынькоў. Я захапляўся спрытнымі людзьмі, якія баранілі слабых, любаваўся мужчынскай сілай, адвагай і сумленнасцю людзей прэрый. Карпюк.

лю́басны, ‑ая, ‑ае.

Які выражае любоў, замілаванне. Любасны позірк.

лю́басць, ‑і, ж.

1. Пачуццё глыбокай прыхільнасці да каго‑, чаго‑н., адданасці каму‑, чаму‑н.; любоў. Праз усё жыццё пранёс Якуб Колас вялікую любасць да роднага слова. «Полымя». // Пачуццё пяшчоты, любавання; замілаванне. Не спускаючы з рук Маечку, Мікола сеў за стол, з любасцю пагладзіў яе па галоўцы. Краўчанка.

2. у знач. вык. Любата. Не дзеўчына — любасць адна. Лынькоў.