Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

любата́, ‑ы, ДМ ‑баце, ж.

1. Тое, што люба, што выклікае захапленне прывабнасцю, прыгажосцю. Тут [у клеці] нейкая асаблівая сцішанасць, нейкая адменная любата. Сабаленка.

2. у знач. вык. Пра захапленне, зачараванне кім‑, чым‑н., задавальненне ад каго‑, чаго‑н. [Дзед Мацей:] — Бач, якое падвор’е, проста любата. Ляўданскі. Ехаць па лесе — адна любата. Гамолка. [Доўнар:] — Хлопцы — любата, адзін у адзін. Дуброўскі. // безас. у знач. вык., з інф. Прыемна. Любата глядзець, як пад напорам.. моцных рук вянок за вянком узнімаюцца ўгору новыя хаты. Васілевіч. А касілка косіць-рэжа, Ажно глянуць любата. Ставер. // у знач. выкл. Ужываецца пры выказванні прыемнага ўражання. [Собіч:] — Любата! Проста любата, Марына Барысаўна! Цяпер у нас зусім другая карціна. Скрыган. [Андрэй Сцяпанавіч:] — Паглядзіце, якое ворыва! Любата! Бялевіч.

лю́бачка, ‑і, м. і ж.

Нар.-паэт.

1. ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж. Любімая, любая. Дамянік пранёсся міма. Бег — шуршэлі каласы, Стаў — іх змоўклі галасы, І дарма шукаў вачыма Постаць любачкі-красы [Ганны]. Колас.

2. м. і ж. (ужываецца пры звароце). Мілая (мілы), дарагая (дарагі). — Любачка мая, — казаў .. [Зязюльскі], — гляджу я на Цябе і ўспамінаю твайго бацьку: тваё аблічча напамінае мне нябожчыка! Колас. — Ты, любачка, пра гэта, мусіць, не думаў? Зарэцкі.

любі́знік, ‑у, м.

Разм. Прываротнае зелле.

любі́мец, ‑мца, м.

Той, каго асабліва любяць, паважаюць, цэняць; улюбёнец. Малодшы брат, любімец усёй сям’і, разбіраўся ў вайне куды больш, чым яна, Ада. Васілевіч.

любі́міца, ‑ы, ж.

Жан. да любімец.

любі́мчык, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да любімец. Віктар стаў любімчыкам партызан. У яго былі закаханыя ўсе нашы дзяўчаты. Карпюк.

2. Разм. Той, хто карыстаецца чыёй‑н. любоўю, апякунствам. каму аддаюць перавагу на шкоду іншым. [Іра:] — Вось ён ваш сынок, ваш любімчык! Я даўно казала, што ён зганьбіць усіх нас. Божа мой! Які сорам!.. А ўсё вінаваты вы. Абое вы! Бацькі! Патуралі, няньчыліся... Шамякін.

любі́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае пачуццё любві; дарагі, блізкі сэрцу. Любімая дачка. □ Шчаслівай дарогі, таварыш любімы, заўсёды, усюды з табою радзіма! Дубоўка.

2. Якому аддаецца перавага перад іншымі; асабліва дарагі каму‑н. Любімы настаўнік. Любімая справа. □ Чырванеючы ад хвалявання і рашучасці, Лёня заказаў музыкам свой любімы вальс «Бярозку». Брыль.

3. у знач. наз. любі́мы, ‑ага, м.; любі́мая, ‑ай, ж. Той (тая), каго любяць. Я толькі з любімай магу захапіцца Успененым морам, паводкай зары. Панчанка.

•••

Наступіць на любімы мазоль гл. наступіць.

любі́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства парасонавых з зеленавата-жоўтымі кветкамі, карані якой выкарыстоўваюцца ў медыцыне, кулінарыі.

любі́цель, ‑я, м.

Той, хто займаецца любімай справай не як прафесіянал; аматар. Садавод-любіцель. Музыканты-любіцелі.

любі́цельніца, ‑ы, ж.

Жан. да любіцель.