любі́ць, люблю, любіш, любіць; незак., каго-што.
1. Адчуваць глыбокую адданасць, прыхільнасць да каго‑, чаго‑н., быць адданым каму‑, чаму‑н. Любіць радзіму. Любіць сваіх дзяцей. □ Люблю цябе, край волатаў. Бядуля. А харошы ўсё ж бацька... Трошкі пабойваўся яго Міколка, а любіў яшчэ болей. Лынькоў. // Адчуваць сімпатыю, павагу да каго‑н. У нас усе Ладымера Стальмаховіча любяць і шануюць. Чорны. У атрадзе ўсе .. [Валю] ведалі і любілі. Якімовіч.
2. Адчуваць сардэчную прыхільнасць да асобы другога полу; кахаць. [Марыля:] — Люблю я Рыгора, ён верны мне, Чакаць яго буду да смерці... А. Александровіч.
3. Мець цягу, цікавасць да чаго‑н. Любіць музыку. □ Змалку прывучыў .. [Сёмку] бацька хадзіць каля зямлі, любіць яе і даглядаць. Гартны. // Адчуваць задавальненне ад сузірання, адчування чаго‑н. Між іншым, Я сам люблю прыход вясны — Малочнае цвіценне вішань, І спеў драздоў, і шум лясны. Панчанка. // і з інф. Быць схільным да чаго‑н., аддаваць перавагу чаму‑н. [Ярохін] быў здаровы чалавек і, як усе здаровыя, любіў добра паесці. Шамякін. Нашы старыя людзі любяць пагаварыць! Чорны. // з дадан. сказам. Быць задаволеным чым‑н., адчуваць задавальненне ад чаго‑н. Дзед любіць, калі яго хто доўга слухае. Лынькоў.
4. Патрабаваць якіх‑н. умоў як найбольш спрыяльных для існавання, росту і пад. [Лістоўніца] любіць чорную камяністую глебу. Маўр. [Вера:] — Куліку і балота родны дом. На полі яму не жыць. А жаўрук раздолле любіць. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)