Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рашчы́нены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад рашчыніць.

рашчыні́ць, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.

Прыгатаваць рошчыну, развёўшы муку вадою ці малаком. Пакуль Варвара прыбірала ў хаце, Назарыха рашчыніла цеста ў глінянай місе. Б. Стральцоў. [Сымон:] — Мука ў мяне ёсць, заўтра прынясу Алене, няхай рашчыніць. Чарнышэвіч.

рашчыня́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да рашчыняць.

рашчыня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да рашчыніць.

рашчэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. расціць.

рашы́цца, рашуся, рэшышся, рэшыцца; зак.

1. Прыняць якое‑н. рашэнне абдумаўшы, знайшоўшы ў сябе сілы, смеласць на гэта; асмеліцца, адважыцца. Устаць і пайсці, што ён ужо колькі разоў памыкаўся зрабіць, Лабановіч не рашыўся, не хочучы пакрыўдзіць гаспадара і гасцей. Колас. Старанна абтрасла [Хіма] снег ад лапцей, падумала. Рашылася пайсці. Прайшла адзін пакой, другі. За сталамі людзі сядзяць, пішуць. Каваль.

2. Атрымаць тое або іншае рашэнне. Задача рашылася. Ураўненне рашылася.

3. Разм. Страціць што‑н. [Бабка:] — Мы ўсяго, усяго рашыліся, толькі што на сабе засталося, ды так сюды і ўвайшлі. Няхай.

рашы́ць, рашу́, рэ́шыш, рэ́шыць; зак.

1. з інф. і з дадан. сказам. Пасля раздумвання, меркавання прыйсці да якога‑н. выніку, заключэння. Каб не папасціся пад гарачую руку немцам, Міколка з дзедам рашылі перасядзець у лесе ночы са тры. Лынькоў. [Талаш:] — Я, таварышы, рашыў падараваць вепра вам, чырвоныя ваякі. Колас. [Сёмка:] — А мы з Петрусём ужо прачакаліся цябе і рашылі, што ты не прыйдзеш. Гартны.

2. з інф. і з дадан. сказам. Вынесці, прыняць рашэнне адносна каго‑, чаго‑н. [Чарнавус:] — Людзі самі рашылі: Глінскаму быць старшынёй, а мне ісці ў пастухі або ў вартаўнікі. Кулакоўскі.

3. што. Знайсці неабходны адказ, вызначыць невядомае. Рашыць красворд. Рашыць ураўненне. Рашыць арыфметычную задачу. // што. Вырашыць, ажыццявіць. Рашыць праблему. □ Як рашыць такую цяжкую задачу, што трэба зрабіць, каб тутэйшыя пяскі хоць трохі лепш, радзілі? Кулакоўскі.

4. што. Разм. Патраціць, расходаваць што‑н. нажытае. [Бабейка:] — У даўгі залез па самыя вушы, каб вы ведалі. Рашыць астатні набытак прыйдзецца. Хадкевіч. [Гальвас] быў непрактычны абібок. І каб на яго рукі ўсё асталося, ён рашыў бы маёнтак за адзін год. Чорны.

•••

Рашыць жыцця — забіць.

рашэ́нне, ‑я, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рашаць — рашыць (у 1–3 знач.).

2. Заключэнне, вывад, намер зрабіць што‑н. і пад., да якога прыходзяць пасля абдумвання, абмеркавання. Камандзір прыняў смелае рашэнне... — Зняць аўтаматчыкаў! Ісці да вёскі лесам. Шамякін. Не маладушнічаць, а памерці з высока ўзнятай галавой, як і належыць савецкаму чалавеку, — прыйшло выразнае і канчатковае рашэнне. Шчарбатаў.

3. Пастанова. Рашэнне суда. Рашэнні з’езда.

4. Адказ да задачы, красворда і пад.

•••

Саламонава рашэнне — мудрае рашэнне якога‑н. спрэчнага, складанага пытання.

рашэ́тнік, ‑а, м.

Ядомы грыб карычневага колеру з сятчастай з-пад нізу шапкай.

рашэ́ціна, ‑ы, ж.

Планка, перакладзіна ў рашотцы. На гумне высокі азярод. У дзірках рашэцін свішча .. вецер. Галавач.