Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разабра́цца, разбяруся, разбярэшся, разбярэцца; разбяромся, разберацеся; заг. разбярыся; зак.

1. Разм. Раскласці, прывесці ў парадак свае рэчы (пасля пераезду і пад.) — Можаш ісці, Харчанка, — кажа маёр салдату. — А мне, мабыць, гаспадыня паможа тут разабрацца. Скрыган.

2. Унікнуўшы ў падрабязнасці, зразумець сутнасць чаго‑н., уясніць для сябе што‑н. Разабрацца ў абстаноўцы. Разабрацца ў чарцяжах. □ Адразу ж .. [Лабановіч] не мог разабрацца ў сваім учынку і ў пачуццях. Колас. // Адрозніць, вызначыць, зразумець што‑н. Сашка дык і не разабраўся спачатку: нешта зверху шаснула, куры ў двары закрычалі што было сілы і сыпанулі, як гарох, ва ўсе бакі. Даніленка. [Андрэй] не мог добра разабрацца, чый гэта двор, з якога выйшла дзяўчына, бо ўсё было тут па-новаму. Дуброўскі.

3. Разгледзеўшы падрабязна, вырашыць усе пытанні, супярэчнасці. [Пракаповіч:] — Вы свае прэтэнзіі перадавайце мне ці прападу. Мы разбяромся. А з рабочымі няма чаплаяцца. Радкевіч. — Пане Каролю, — сказала цвёрда, з прыціскам [пані Мар’я], — .. Гэта мой клас, і я сама разбяруся... Брыль.

4. Разм. Управіцца, справіцца з кім‑, чым‑н. Няма з ім зладу, і таму Заўсёды клікалі Хаму, Каб той З Кузьмой Як-небудзь разабраўся. Корбан.

5. Знайсці сваё месца (у страі). — Разабрацца па ротах! — загадаў камандзір. — Адыходзім на сваю базу. Новікаў.

разабра́ць, разбяру, разбярэш, разбярэ; разбяром, разбераце; заг. разбяры; зак., каго-што.

1. Разняць што‑н. на састаўныя часткі. Разабраць радыёпрыёмнік. Разабраць гадзіннік. □ Сцёпка разабраў затвор, пачысціў, змазаў, зноў сабраў. Хомчанка. // Разбурыць што‑н., разняўшы на часткі. Разабраць рэйкі на чыгунцы. □ Хату немцы разабралі. Бярвенні ім на бункер спатрэбіліся. Б. Стральцоў. // Раскідаць друкарскі набор, расклаўшы знакі набору па касах. Разабраць набор.

2. Узяць усё па частках, па адным. Сёння ў шэсць гадзін усе коней разабралі, гэта адзін Паўлік заспаў. Гаўрылкін. Дзіва проста! Ці не хопіць? Колькі можна пазычаць! Разгадаў, нарэшце, хлопец Гэту тактыку дзяўчат. Усміхнуўся хітравата Да сяброўкі дарагой: — Як відаць, у вас дзяўчаты Разбяруць увесь пакой. Гілевіч. // Раскупіць. За тыдзень разабралі ўвесь тыраж кнігі. □ — Давай перакушу крыху ды пайду, а то газу разбяруць... Чарнышэвіч.

3. Прыводзячы ў парадак, рассартаваць, аддзяліць адно ад другога. Разабраць рэчы. Разабраць бялізну. // Узяць правільна (лейцы і пад.). Лётчыкі селі ў лодку. Макараў на нос, а Дым разабраў вёслы. Алешка. // Разаслаць, рыхтуючы для спання. Разабраць ложак. □ [Алена] хуценька разабрала яго пасцель, зацягнула над ложкам занавеску. Кулакоўскі. // Расчасаць, прыгладзіць (валасы).

4. Спарадкаваць, раздзяліўшы мяса і вантробы, парэзаўшы на часткі (пра мясную тушу). І кабан і воўк — каштоўны здабытак. З ваўка можна злупіць скуру, а кабана разабраць і даставіць дадому. Колас.

5. Адрозніць, распазнаць што‑н. (слыхам, зрокам і пад.). Разабраць почырк. □ Ліда схілілася над .. [раненым], каб чуць, каб разабраць усе словы. Шамякін. Пачуліся ціхія крокі, і ў цемры.. [Прылепка] разабраў ледзь прыкметную постаць чалавека. Дуброўскі.

6. з дадан. сказам і без дап. Уясніць для сябе, усвядоміць. На адной палянцы цвілі кветкі, вельмі падобныя да нашага сну. Насілу разабраў, што гэта гіяцынты — такія буйныя і так многа было іх. Лужанін. Стралялі ў двары, за будынкамі, і цяжка было разабраць, дзе рассыпаліся нашы, а дзе былі немцы. Няхай. Здзекаваўся .. [Васіль], жартаваў ці праўду казаў, яна [Аня] не ўмела разабраць ды і не хацела. Васілевіч. // Зразумець сэнс чаго‑н. Разабраць стараславянскі надпіс. □ Спачатку я амаль нічога не мог разабраць у гэтай кнізе, а потым навучыўся чытаць лепш. Кулакоўскі.

7. і без дап. Разгледзець, абмеркаваць (пытанне, справу і пад.). Як толькі пачаўся прыём [у члены партыі], разабралі заяву камбрыга. Мележ. Кожнаму хацелася паслухаць, сваім вокам пабачыць: як яно там, як разбяруць ды вырашаць. Лынькоў. // Прааналізаваць, даць крытычную ацэнку. Разабраць творчасць паэта. Разабраць сачыненні вучняў. // У граматыцы — даць аналіз для выяснення саставу, пабудовы. Разабраць сказ па часцінах мовы.

8. Разм. Ахапіць, апанаваць (пра моцнае пачуццё, жаданне і пад.). Хлопчыка разабрала цікаўнасць. Гамолка. Злосць разабрала Мар’яну, калі дачулася пра сынавы клопаты. Пальчэўскі. // безас. Разм. Пра вышэйшую ступень праяўлення якога‑н. пачуцця, стану. — Чаго вас там разабрала? — хрыплым голасам, спрасоння, прабурчаў .. [бацька]. Арабей. // Разм. Выклікаць ап’яненне. Гарэлка яго [Янушка] крышку разабрала, расчуліла на сонцы. Дайліда.

•••

Не разбяры-бяры — пра што‑н. вельмі заблытанае, незразумелае.

Разабраць па костачках — старанна, дэталёва абмеркаваць, абгаварыць каго‑, што‑н.

(Усю) ноч разбяруць — не будзе калі спаць.

ра́завы, ‑ая, ‑ае.

Сапраўдны на адзін раз. Разавы білет. □ Пайшоў [Назарчук] на міжгароднюю. Там сказалі, што на «Беларусь» можна пазваніць толькі ў гадзіну ночы. «У гадзіну, дык у гадзіну», — падумаў сабе чалавек і ўзяў разавы талон. Сабаленка. // Які робіцца толькі за адзін прыём або толькі раз. Разавы збор. Разавая дапамога.

разагітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго.

Разм. Узмоцнена агітуючы, пераканаць у чым‑н.

разагна́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разагнаць.

разагна́цца, разганюся, разгонішся, разгоніцца; зак.

1. Павялічваючы скорасць свайго руху, давесці яе да найбольшай велічыні. Вось.. [бусел] трошкі разагнаўся, узмахнуў разы тры крыламі, і паволі падняўся ў паветра. Васілевіч. [Вадзімку] тут не было дзе і пабегаць. Толькі разгоніцца, а перад ім лава, ці ўслон, ці палаці. Сабаленка.

2. Захапіцца сваім заняткам, увайсці ў азарт. Гледзячы на гэтую Бабейкаву сядзібу, Ваўчок не любаваўся яе раскошай, а з трывогай думаў: «Ох і разагнаўся чалавек!» Хадкевіч.

•••

Не разгонішся — пра немагчымасць зрабіць што-небудзь у існуючых абставінах, умовах.

разагна́ць, разганю, разгоніш, разгоніць; заг. разгані; зак., каго-што.

1. Прымусіць разбегчыся, разысціся, разляцецца ў розныя бакі. З месца, дзе я ляжаў, можна было нават адной аўтаматычнай чаргой разагнаць немцаў і паліцаяў. Карпюк. Паліцыя разагнала дэманстрантаў. «Звязда». Валерык разагнаў малых, што лавілі паблізу печкуроў, вярнуўся на вуліцу і пеўнем прайшоўся з канца ў канец вёскі. Шашкоў. // Разм. Выгнаць, звольніць (усіх, многіх) адкуль‑н. [Маша:] «Трэба сказаць [Максіму], што дарэмна ён разагнаў рабочых». Шамякін. [Башлыкоў] сцвярджаў, што праз год-два мадэльны цэх разваліцца, не будзе даваць плана, і адміністрацыю разгоняць. Мыслівец. // Разм. Ліквідаваць, спыніць існаванне каго‑, чаго‑н. Разагнаць Дзяржаўную думу. □ [Базылюк:] — Паліцыі загадана разагнаць канферэнцыю. А ёй толькі скажы — і яна накінецца, нібы гайня шалёных сабак. Машара.

2. Рассеяць, развеяць. Па трэці дзень паўднёвы вецер разагнаў хмары, і выглянула вясёлае, ласкавае сонца. Шамякін. Скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем, разагнаў цемень. Колас. // Прымусіць прайсці, мінуць (пра настрой, пачуццё, стан). Разагнаць смутак. □ Пагаварыўшы з вучнямі і крыху разагнаўшы іх страх, Лабановіч прынёс журнал і пачаў рабіць запіс. Колас. Санітара марыў сон, і ён рознымі спосабамі стараўся разагнаць яго. Чорны.

3. і без дап. Паскорыць ход, рух каго‑, чаго‑н. Разагнаць каня. □ Энергічнымі рухамі .. [Алесь] так разагнаў лодку, што толькі хвалі разляталіся ў бакі. Ваданосаў.

4. Разрэзаць удоўж. Разагнаць калоду.

5. Разараць (барозны). Разагнаць загон бульбы.

6. Размясціць на якой‑н. паверхні, займаючы як можна больш месца. Разагнаць друкарскі набор на дзве паласы.

•••

Разагнаць кроў — якімі‑н. рухамі ўзмацніць кровазварот.

разагну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разагнуць.

разагну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.

Выпрастацца, разагнуць спіну. Бабка Параска спыніла работу, разагнулася. З яе сухога, круглага твару пазбягалі маршчынкі. Яна засмяялася. Колас. Калі Гарбачэня разагнуўся, то крокаў за дзвесце ад сябе ўбачыў падгалістую ласіцу з ласянём, якая, відаць, прыйшла на вадапой. Гурскі. // Стаць простым, роўным (пра што‑н. сагнутае). Кручок разагнуўся. □ І на дзіва змяніўся чалавек: патлусцеў, раздабрэў на белых харчах так, што і спіна разагнулася. Лупсякоў.

разагну́ць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., каго-што.

Выпрастаць, распрастаць сагнутае. Рыбіна, схапіўшы жыўца на такой жарліцы, разагне мяккі кручок на канцы спіралькі і пачне сцягваць лёску пад лёд. Матрунёнак. Кавалак паслушна лёг на вызначанае яму месца на версе шліхты. Мужчыны разагнулі натруджаныя спіны і крыху адсапліся. Крапіва.