Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бескасцёвы, ‑ая, ‑ае.

Які не мае касцей, касцяка.

бескаштары́сны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае каштарысу, робіцца без каштарысу. Бескаштарысныя расходы.

бескватэ́рны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае кватэры.

бескілявы́, ‑ая, ‑ое.

Спец.

1. Які не мае кіля. Бескілявая птушка.

2. у знач. наз. бескілявы́я, ‑ых. Падатрад птушак, якія не могуць лятаць (да іх належаць атрады: страусы, нанду, казуары і інш.); птушкі-бегуны.

бескісларо́дны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае, не ўтрымлівае ў сабе кіслароду. Бескіслародныя кіслоты. Бескіслароднае асяроддзе.

бесклапо́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бесклапотнага; бестурботнасць. Букрэева бесклапотнасць і багатырскі яго сон заспакоілі трохі дзеда Талаша. Колас. Успаміны нагадвалі.. [Міколу і Наташы] начыста сцёртую суровым часам шчаслівую бесклапотнасць іх маладосці. Краўчанка.

бесклапо́тны, ‑ая, ‑ае.

Які не праяўляе клопату, турботы пра свае справы, паводзіны і пад. Ледзь не з першага дня Зіну акружыла самая гарачая хлапечая ўвага. Гэта часам рабіла яе бесклапотнай, легкадумнай. Шыцік. Толькі сляпы не ўбачыць, што .. [Дзіна] бесклапотная аж залішне. Навуменка. [Дамброўскі:] — Пан капітан залішне бесклапотны: У вас пад бокам тоіцца атрад... А вы спакойна седзіце ў палацах. Глебка. // Поўнасцю свабодны ад турбот. Бесклапотнае жыццё. □ Эх вы, бесклапотныя дні дзяцінства, што адляцелі сном так рана. Мележ. // Які выражае бесклапотнасць, бестурботнасць. Бесклапотны смех. Бесклапотная гамонка.

бескульту́рнасць, ‑і, ж.

Адсутнасць усякай культуры; культурная адсталасць. Навекі адыходзяць у нябыт забабоны, цемра, бескультурнасць. Бярозкін.

бескурко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які не мае курка. Бескурковая дубальтоўка.

беспаваро́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць беспаваротнага.